Леанід Судаленка: сем прычын не вяртацца да смяротнага пакарання

08.10.2014

У межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" ў Гомелі праходзіць сустрэча з маці, сыны якіх асуджаныя да вышэйшай меры пакарання - растрэлу. Напярэдадні сустрэчы праваабаронца Леанід Судаленка, які зарэгістраваў у Камітэце ААН па правах чалавека скаргу асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Гомеля Аляксандра Грунова, назваў сем прычын, па якім на яго думку трэба адмовіцца ад смяротнага пакарання.

1) Магчымасць судовай памылкі

Якімі б прафесіяналамі ні былі сьледчыя, якія вядуць справу злачынца, якімі б пераканаўчымі ні былі доказы віны асуджанага, і якім бы справядлівым ні быў суд, - у судовай сістэме любой краіны на нашай планеце заўсёды ёсць верагоднасць памылкі. Пакуль прысуд не прыведзены ў дзеянне, у асуджанага яшчэ ёсць надзея і магчымасць сабраць неабходныя доказы сваёй невінаватасці і пераканаць у гэтым следства і суд. Пасля выканання прысуду ні доказы, ні рэабілітацыя ўжо не змогуць вярнуць да жыцця пакаранага.

2) Смяротнае пакаранне не з'яўляецца стрымліваючым фактарам

Згодна з даследваннямі , чалавек, здзяйсняючы злачынства, разлічвае пазбегнуць пакарання, якім бы яно ні было, а значыць розніцы ў тым, асудзяць ці яго на пажыццёвае пазбаўленне волі або на смяротнае пакаранне, няма. Акрамя таго, злачынцы, якія ведаюць, што за зробленае іх чакае смяротнае пакаранне, часта здзяйсняюць новыя злачынствы, бо ведаюць, што больш страшнай меры пакарання ўжо не будзе - няма чаго губляць. Так, напрыклад, смяротнае пакаранне не мае значэння для тэрарыста, так як ён і так пастаянна рызыкуе ўласным жыццём.

3) Пакаранне смерцю спараджае жорсткасць ў грамадстве

Здаўна натоўпы людзей збіраліся на плошчах паглядзець на тое, як вешаюць, спальваюць або абезгалоўліваюць злачынцаў. Зрэшты, у больш старажытныя часы пакарання былі яшчэ больш жорсткімі і выдасканаленымі - чаго варта хоць бы паліванне кіпячай смалой або насаджвання на кол. Тым не менш, метады не адпужвалі гледачоў, наадварот - народ жадаў ўсё больш крывавых відовішчаў. У атмасферы жорсткасці і раўнадушша новыя злачынствы здзяйсняліся на зайздрасць рэгулярна. Але гэта было тады, і можна было б сказаць, што грамадства змянілася і акультурылася. На самай справе паводле  дакладу ААН у краінах, дзе смяротнае пакаранне дазволена, такія злачынствы здараюцца часцей.

4) Наяўнасць "інстытута катаў"

Акадэмік Андрэй Сахараў казаў: "Наяўнасць інстытута смяротнага пакарання дэгуманізіруе грамадства. Я выступаў і выступаю супраць смяротнага пакарання (і не толькі ў СССР) яшчэ і таму, што гэтая мера пакарання прадугледжвае наяўнасць пастаяннага страшнага апарата выканаўцаў, цэлага інстытута смяротнага пакарання". У краінах, дзе смяротнае пакаранне дазволена, каты з'яўляюцца, па факце легальнымі забойцамі. Розніца паміж імі і тымі, каго яны караюць смерцю, толькі ў тым, што першыя дзейнічаюць на карысць сваёй дзяржавы, у канстытуцыі якой у сваю чаргу, прапісана, што забойства чалавека крымінальна караецца. Выходзіць, што такім чынам дзяржава апраўдвае забойства ў грамадскай свядомасці і падрывае асноватворны прынцып грамадскай маралі і маральнасці, як поўную недатыкальнасць чалавечага жыцця. Адно супярэчыць іншаму і атрымліваецца замкнёнае кола.

5) Пакаранне смерцю не ўхіляе прычыну здзяйснення злачынства

Асноўнымі фактарамі, якія правакуюць злачыннасць, з'яўляюцца беднасць, неадукаванасць, няроўнасць, псіхічныя адхіленні канкрэтнага злачынца. Сьмяротнае пакараньне ніяк не можа ўплываць на названыя прычыны.

6) Пакаранне смерцю не дае магчымасці выпраўлення

Серыйны забойца, які адрозніваецца асаблівай жорсткасцю ў сваіх злачынствах, можа і не заслугоўвае апраўдання ў вачах народа і сваякоў сваіх ахвяр, але абсалютна дакладна не мае шанцу абдумаць свае паводзіны і прынесці грамадству карысць, - у яго на гэта няма часу. Больш таго, чаканне смерці часта ня матывуе, а дэматывуе асуджанага думаць пра гэта: усё роўна нічога не змяніць. У тым жа дакладзе ААН канстатуецца, што пажыццёвае зняволенне і ізаляцыя ад грамадства палохае злачынцаў значна мацней, чым смяротнае пакаранне.

7) Пакаранне смерцю не карае

Адзін з самых бяспрэчных аргументаў ў падтрымку забароны смяротнага пакарання. Пакаранне з'яўляецца мерай дзяржаўнага прымусу, якая прымяняецца ў адносiнах да асобы, прызнанай вінаватай у здзяйсненні злачынства  і якая складаецца ў пэўным звужэнні яе прававога статусу, надзяленні яе адмысловымі правамі і абавязкамі. Смяротнаяе пакаранне пазбаўляе асуджанага права на жыццё.

 

Гомельская Вясна

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры