Гамяльчане патрабуюць адмены Дэкрэта № 3 (+фота)

20.01.2017

У гомельскім грамадска-палітычным цэнтры (вул. Палеская, 52) стартаваў збор подпісаў пад зваротам у Адміністрацыю Прэзідэнта з патрабаваннем адмяніць Дэкрэт № 3, які ў народзе атрымаў назву "дэкрэта аб дармаедах". Збор подпісаў быў ініцыяваны прафсаюзам РЭП. У першы дзень каля сарака чалавек прыйшлі ў офіс, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю ды атрымаць кансультацыю прававога інспектара прафсаюза РЭП Леаніда Судаленкі. За працэсам назірала карэспандэнтка сайта "Гомельская вясна" Ларыса Шчыракова.

У грамадска-палітычным цэнтры было нязвыкла шматлюдна. Мноства людзей, якія яшчэ ўчора не ведалі, што такое прафсаюз РЭП, з энтузіязмам адгукнуліся на яго ініцыятыву збіраць подпісы супраць адыёзнага дэкрэта. Мужчыны і жанчыны, пераважна сярэдняга веку, парамі і нават кампаніямі прыходзілі выказаць сваё стаўленне. У кожнага з іх ёсць асабістая гісторыя «Як я стаў "дармаедам"».

Дзве сяброўкі, маладыя жанчыны Кацярына і Надзея, падзяліліся сваімі гісторыямі з намі. Кацярына – маці хворай 9-гадовай дзяўчынкі. У сям'і працуе толькі муж, бо сама жанчына мусіць амаль увесь час знаходзіцца побач са сваім дзіцем.

"Мая дачка часта і падоўгу хварэе, я не аддаю яе ні ў якія прадлёнкі, даглядаю сама. За гэта мяне караюць “падаткам на дармаедства”. Вось я адвяла дачку ў школу на другую змену і ўвечары пайду забіраць”, – кажа Кацярына.

"Мая свякроўка мае зямлю ў Веткаўскім раёне, – распавядае Надзея. – Наша сям'я там трымае гаспадарку, у нас багата маліны, улетку мы яе прадаем. У нас цэлыя плантацыя, 60 сотак, і ўсё засаджана, сёлета ніводнага кавалка зямлі не “гуляла”. Я лічу дэкрэт несправядлівым: у мяне двое дзяцей, я займаюся і домам і гаспадаркай, у мяне няма нават выходных аніякіх. І я дармаед? Каб у нас была магчымасць працаваць на добра аплочваемай працы – 10-12 млн для мужчын і хаця б 5 млн для жанчыны – тады мае сэнс працаваць, а хадзіць на працу за 2,5 млн які сэнс? Я лепш буду гадаваць жывёлу: качак, курэй – і будзе нашмат болей, чым 2,5 млн".

Прадстаўнік прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Віктар Казлоў перакананы, што вельмі важна сабраць як мага больш подпісаў пад патрабаваннем аб адмене Дэкрэта № 3, каб прадэманстраваць уладзе, што большасць грамадства супраць гэтага закона і лічыць яго несправядлівым.

"Трэба паказаць заканадаўчай уладзе, Савету міністраў,  Адміністрацыі Прэзідэнта, што людзі не згодныя з “падаткам на дармаедства”. За што падатак? Чалавек, напрыклад, працуе ў Расіі, некалькі разоў на год прыязджае ў Беларусь, забяспечвае грашыма сям'ю – за што падатак? Калі дзяржава лічыць, што гэты чалавек нешта вінен за сацыяльныя паслугі, няхай дасць калькуляцыю выдаткаў: за што канкрэтна чалавеку налічылі менавіта гэту суму. Зрабіць, напрыклад, запыт у лякарню, каб там канкрэтна сказалі, колькі разоў т.зв. "дармаед" звяртаўся па медычныя паслугі”, – кажа Віктар Казлоў.

Сп.Аксана прыйшла падтрымаць пратэстную ініцыятыву, але сама яна з гледзішча дзяржавы не "дармаед".

"Падатак выплочваецца з прыбытку, і гэта абсурдная сітуацыя, калі падатак налічваецца пры адсутнасці прыбытку, – лічыць Аксана. – Падатак – гэта плата дзяржаве за тое, што яна стварыла адпаведныя ўмовы, пры якіх ты зарабіў. Тады падатак – гэта "дзякуй" грамадзяніна, што ён змог у добрых умовах, створаных дзяржавай, зарабіць, а калі ты не змог зарабіць праз тое, што дзяржава не стварыла для гэтага адпаведныя ўмовы, тады які можа быць падатак?”.

Святлана Казлова знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па догляду дзіцяці да трох гадоў і прыйшла на офіс разам са сваім бацькам, які атрымаў паведамленне з падатковай аб неабходнасці заплаціць падатак. Сама Святлана праявіла ініцыятыву і сабрала подпісы ў жыхароў свайго шматкватэрнага дома.

"Усе людзі былі рады, што я прыйшла, – распавядае маладая гамяльчанка. – Нават тыя, хто працуе на дзяржслужбе і не стаў падпісвацца, на словах выказалі сваю падтрымку ініцыятыве па збору подпісаў. Нават старэнькія бабулькі, якія ледзьве трымалі асадку, падпісваліся, бо ўскосна ўсе з гэтым звязаны: знаёмыя, дзеці, сваякі – усе могуць апынуцца ў такой сітуацыі".

Пётр – прадпрымальнік, які займаецца вырабам мэблі. Ён таксама прыйшоў на Палесскую, 52, каб выказаць сваё стаўленне да дэкрэта.

"Калі чалавек едзе кудысь працаваць, жыве тамака ў неймаверна цяжкіх умовах, у нейкіх вагончыках, прыязджае сюды – ён там напахаўся, а тут ён яшчэ камусьці вінны, – абураецца прадпрымальнік. – А колькі маіх калегаў-прадпрымальнікаў, якіх разарыў 222 указ, рабілі спробы знайсці працу, не знайшлі, а цяпер іх змушаюць заплаціць падатак. Любога прадпрымальніка можа гэты дэкрэт закрануць. Зараз прадпрымальнікі – група рызыкі. Пакупніцкая здольнасць людзей катастрафічна ўпала, і кожны з нас заўтра можа стаць "дармаедам".

За кожным чалавекам, які паставіў сёння свой подпіс супраць Дэкрэта № 3, свая складаная жыццёвая сітуацыя, гісторыя, свая праўда і свой боль, але для шмат каго гэтая сітуацыя – вынік  правальнай эканамічнай палітыкі дзяржавы.

Збор подпісаў будзе доўжыцца да 20 лютага, а потым ўсе скрыні з подпісамі грамадзян будуць адпраўлены ў Адміністрацыю Прэзідэнта, Савет Міністраў і Палату прадстаўнікоў. А там, спадзяюцца гамельчукі, да меркавання звычайных людзей абавязкова прыслухаюцца, і вельмі непапулярны дэкрэт будзе адменены. Паставіць подпіс пад электронным зваротам можна па сапсылцы тут.

Аўтар: Ларыса Шчыракова

Гомельская вясна

 





Аксана





Віктар Казлоў



Леанід Судаленка


Фота аўтара

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры