Пытанне аб унясенні зменаў у Выбарчы кодэкс улады паклалі ў стол?

Адсутнасць якой-небудзь публічнай інфармацыі адносна анансаваных раней уладамі Беларусі крокаў па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства краіны дазваляе рабіць высновы пра тое, што праца дзяржаўных органаў у гэтым напрамку замарожаная. Нягледзячы на гэта, праваабаронцы, якія ажыццяўляюць незалежны маніторынг выбарчых кампаній і аналітычную працу ў гэтай сферы, працягваюць свае намаганні, накіраваныя на прывядзенне нормаў Выбарчага кодэкса і правапрымяняльнай практыкі ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.

З гэтай мэтай аналітыкі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” прадставілі вынікі маніторынгу апошніх парламенцкіх выбараў дэпутатам, якія сабраліся на другую сесію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, што распачалася на гэтым тыдні. Адрасатамі выніковай справаздачы праваабаронцаў, акрамя кожнага са 110 дэпутатаў ніжняй палаты парламента, сталі таксама Цэнтрвыбаркам і Адміністрацыя прэзідэнта.

Уладзімір Лабковіч
Уладзімір Лабковіч са справаздачай па выніках маніторынгу парламенцкай кампаніі 2016,што была разаслана парламентарыям

Гэты крок праваабаронцаў быў выкліканы тым, што раней Цэнтрвыбаркам анансаваў разгляд пытання імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ і іншых назіральнікаў у выбарчае заканадаўства Беларусі парламентам, верагодна, на адной з бліжэйшых сесій.

"Паколькі цяпер пачалася парламенцкая сесія, мы накіравалі нашу справаздачу дэпутатам, каб яны звярнулі ўвагу на абуральныя парушэнні міжнародных стандартаў у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў, якія былі зафіксаваныя назіральнікамі і аналітыкамі кампаніі ў розных рэгіёнах краіны. Нам хацелася б, каб дэпутаты прачыталі, якім чынам на самой справе яны былі абраныя", - кажа каардынатар кампаніі ад ПЦ "Вясна" Уладзімір Лабковіч.

Разважаючы над тым, наколькі незалежныя назіральнікі могуць разлічваць на канструктыўную рэакцыю на атрыманне іх справаздачы з боку дэпутацкага корпуса, створанага шляхам выбараў, вынікі якіх не выклікаюць даверу ні ўнутры краіны, ні ў міжнароднай супольнасці, праваабаронца адзначыў, што ў гэтым выпадку ўлады самі прадэкларавалі жаданне ўдасканаліць выбарчае заканадаўства і парламент з'яўляецца тым органам, які фармальна надзелены правам уносіць змены ў заканадаўства.

"Мы сапраўды прыйшлі да высновы, што выбары ў парламент 2016 года не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі. Наша справаздача змяшчае рэкамендацыі, якія, як мы лічым, павінны быць абавязкова ўлічаны пры ўнясенні зменаў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс, таму што без зменаў некаторых працэдураў беларускія выбары немагчыма наблізіць да міжнародных стандартаў, - сказаў Лабковіч. - Мы прадстаўляем вынікі маніторынгу, падыходы і ацэнкі нашай кампаніі прадстаўнікам дзяржаўных органаў улады, якія - калі сапраўды маюць палітычную волю на правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў - павінны да іх прыслухацца. Інакш Беларусь па-ранейшаму будзе заставацца ў тупіковай сітуацыі, калі выбары не будуць прызнавацца ні міжнароднымі назіральнікамі, ні незалежнымі нацыянальнымі назіральнікамі".

Варта адзначыць, што на сайце Палаты Прадстаўнікоў да канца гэтага працоўнага тыдня паведамленняў пра паседжанні дэпутатаў па пытанні ўнясення зменаў у выбарчае заканадаўства не было.

Раней кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" накіроўвала свае прапановы ў Цэнтрвыбаркам, каардынатар кампаніі ад БХК Алег Гулак удзельнічаў у паседжанні міжведамаснай экспертнай рабочай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі, дзе прэзентаваў падыходы кампаніі да зменаў у выбарчае заканадаўства.

Вядома, што на 20 сакавіка была запланаваная нарада ў прэзідэнта, дзе Цэнтрвыбаркам павінен быў прадставіць вынікі працы міжведамаснай рабочай групы, але інфармацыі аб правядзенні такой нарады ні на сайце ЦВК ні ў СМІ не з'яўлялася.

"Магчыма, улады настолькі занятыя змаганнем з міфічнымі «масавымі беспарадкамі», што гэтае пытанне цяпер пакладзена у стол, мы пра гэта нічога не ведаем, - кажа Уладзімір Лабковіч. - На жаль, вынікі працы міжведамаснай групы пры ЦВК застаюцца цалкам непублічным, ніякай інфармацыі аб падрыхтоўцы зменаў у Выбарчы кодэкс грамадству не даводзіцца. Ніхто па-ранейшаму не ведае, якія рэкамендацыі прызнаныя беларускімі ўладамі і будуць імплементаваныя. Па нашай інфармацыі, БДІПЧ АБСЕ таксама знаходзіцца ў невядомасці адносна таго, якія з іх рэкамендацый прынятыя, і іх таксама не азнаёмілі з вынікамі працы міжведамаснай групы. Нават калі ў апошні час азнаёмілі, то якой-небудзь публічнай інфармацыі пра гэта нідзе не было".

Паводле праваабаронцы, сваю справаздачу нацыянальная кампанія незалежнага назірання таксама прадставіць БДІПЧ АБСЕ.

"Гэта фактычна адзіная міжнародная місія, якая рыхтуе аб'ектыўныя даклады і пасля кожных выбараў рыхтуе свае рэкамендацыі па змене выбарчага заканадаўства ў Беларусі, сярод якіх ёсць і неадкладныя. Улічваючы, што ўлады Беларусі прадэкларавалі, што ў гэтым напрамку будуць абапірацца на рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, мы, вядома, знаёмім з нашай справаздачай і экспертаў АБСЕ".

Пры гэтым ён падкрэслівае, што справаздача "Праваабаронцаў за свабодныя выбары" і справаздача міжнародных назіральнікаў АБСЕ фактычна цалкам супадаюць у ацэнках і ў стаўленні да той практыкі ў галіне выбараў, якая склалася ў Беларусі.

Чытаць справаздачу: "Вынікі незалежнага назірання. Факты, аналіз, каментары"

 

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры