Актывістка “Матчын рух 328” са Жлобіна: Нашых дзяцей правакуюць на злачынства (+фота, відэа)

17.04.2017
Cуполка
Cуполка

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у 2016 годзе ў Беларусі 13 тыс. асуджаных да пазбаўлення волі, з іх траціна (каля 4 тыс.) асуджаны за наркотыкі па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса РБ. Пік пасадак на гэтым артыкуле прыйшоўся на 2015 год. За кожным чалавекам, асуджаным па гэтым артыкуле – свая ўласная гісторыя і трагедыя. Некалькі год таму адказам на масавыя пасадкі ды вялікія тэрміны за захоўванне і распаўсюд наркотыкаў стала ўзнікненне ініцыятывы “Матчын рух 328”, якая аб’ядноўвае сваякоў зняволеных за наркотыкі людзей.

 Мы завіталі ў госці да жлобінскага аддзялення ініцыятывы “Матчын рух”. Маці, жонкі, бацькі ды дзеці зняволеных сабраліся на кватэры ў Святланы Зыль, каб распавесці пра сваіх асуджаных сваякоў, пра дзейнасць сваёй арганізацыі. Ліяна Шуба – актывістка жлобінскай суполкі ды маці маладзёна, які адбывае пакаранне за наркотыкі.

Ліяна, распавядзіце, калі ласка, як вы трапілі ў арганізацыю “Матчын рух 328”?

Я ў “Матчын рух” трапіла па просьбе, па настаўленні майго сына. Падчас следства ў лісце да мяне ён мне сказаў, што ёсць нейкі рух матак, ці матчын рух. Ён правёў у СІЗО ўжо пэўны час, некалькі месяцаў. Пра рух яму распавялі падазраваныя, якія былі з ім у адной камеры. Ён напісаў, каб я іх шукала, яны дапамогуць. Я пачала шукаць у інтэрнэце, знайшла “Матчын рух 328”, уступіла ў суполку, стала глядзець, хто ёсць са Жлобіна (там суполка структуравана па гарадах). Убачыла там свайго знаёмага (аказалася, што ягоны сын таксама адбывае пакаранне за наркотыкі). Сталі стасавацца з ім, а ён ужо ведаў лідарку руху Ларысу Жыхар. Сын у СІЗО распавядаў сукамернікам, што я там-та працую, адпраўляў іх бацькоў да мяне. Так пакрысе мы, сябры па няшчасці са Жлобіна і раёна, пачалі знаёміцца. Паступова ўцягнуліся ў дзейнасць.

Ліяна Шуба

А як ваш сын трапіў у калонію?

Майго сына абвінавацілі па трох частках 328 артыкула: захоўванне, збыт і намер на збыт. Даказана толькі захоўванне: яго затрымалі пасля футбольнага матчу, пры ім было 0.0217 г. курыльнай сумесі расліннага паходжання і 0.27 г. сумесі, якая ўтрымлівае наркатычнае рэчыва – не чыстага наркотыка, а рэчыва, якое ўтрымлівае наркотык. Але міліцыянтам гэта не цікава, гэта ж толькі захоўванне, за якое прадугледжана зняволенне да 5 гадоў па ч.1, а вельмі важна для міліцыі абвінаваціць па ч.3 “збыт”. Такім чынам аператыўнікі выконваюць паказчыкі – раскрываюць “асабліва небяспечнае злачынства”, за што атрымліваюць матэрыяльныя выгоды: узнагароджанні, прэміі, прасоўванне па службе. Таму чалавек, які трапляе ў іх поле зроку, – ужо патэнцыяльная ахвяра.

Аляксей Шуба

Вяртаючыся да майго сына… Ён спачатку пазнаёміўся з мужчынам, той майго сына частаваў наркотыкам. Мой сын нарказалежны, цяпер я гэта добра разумею. Сына папросту прыкормлівалі. Андрэй Бяляўскі – так звалі знаёмага сына. Калі паміж імі ўзніклі даверлівыя адносіны, той, груба кажучы, падсунуў сыну сваю жонку, якая, як потым высветлілася, вельмі актыўна супрацоўнічае з нашым жлобінскім наркакантролем. Гэтая жонка, Таццяна – у яе двое маленькіх дзетак – просіць майго сына купіць для яе “травы”, дае яму на гэта 1 млн 100 тыс (недэнамінаваныя – рэд.), якія ёй наш наркакантроль выдаў на кантрольную закупку. Сын грошы бярэ, купляе наркотык і знікае – у выніку перадозу наркотыкам трапляе ў рэанімацыю. Калі ён вярнуўся са шпіталя, у яго было цвёрдае рашэнне больш не вяртацца да наркотыкаў. Тры тыдні – абсалютна цвярозае жыццё. Але як гэта так? Дзяржаўныя грошы выдаткаваны, а аддачы ніякай. І зноўку Таццяна Бяляўская дае яму грошы на закупку наркотыка. Ён купляе яго, Бяляўская да яго прыязджае, што ў кватэры адбываецца невядома, яна выходзіць з пад’езда, садзіцца ў міліцэйскую машыну і аддае пакунак з 0.05 г парашку. Ні відэа, ні аўдыё фіксацыі моманту перадачы наркотыка ёй маім сынам няма, няма і адбіткаў яго пальцаў на пакунку. Потым, падчас суду, яна давала супраць сына паказанні. І суд ёй давярае! Як можна з працэса ў працэс глядзець на аднаго і таго ж сведку абвінавачання і не разумець, што адбываецца? Усё яны цудоўна разумеюць, магчыма, у іх устаноўка такая, або зусім няма сумлення. Чаму мне і не хочацца звяртацца да суду “ваш гонар” – бо гонару-та няма. 

За што змагаецца “Матчын рух 328”?

Супраць выкарыстання правакацый падчас раскрыцця злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. Павальныя правакацыі ў Жлобіне! Я не чула, каб у іншых гарадах так актыўна выкарыстоўваўся гэты метад выкрыцця назаконнага абароту наркатычных рэчываў. Некага, чытаеш у СМІ, узялі на закладцы, нехта лабараторыю мае, а ў нас спрэс правакацыі, за руку схапілі мо пару чалавек. Узнікла праблема недасканаласці заканадаўства па наркотыках: вельмі вялікія, жорсткія тэрміны, несувымерныя грамадскай шкодзе ад злачынства. У законе прапісана, што правакацыі забаронены, а яны выкарыстоўваюцца вельмі шырока. Юрысты нашай групы распрацавалі змены ў заканадаўства стасоўна злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. Пакаранне павінна быць вельмі дэталізаваным і залежаць ад ступені вінаватасці, грамадскай небяспекі ад правапарушэння. Дзеці, нашы дзеці, атрымліваюць велізарныя тэрміны за захоўванне 5 мг, паловы кораба (запалкавага) курыльнай сумесі – марыхуаны, напрыклад, ці проста канаплі, якую на полі нарваў, высушыў. Атрымліваюць па 10 гадоў зняволення і людзі, якія гадамі гандлююць наркотыкамі праз інтэрнэт-сайты, робяць закладкі па ўсім горадзе – ім такое самае пакаранне. Хіба гэта справядліва – за пыл у кішэні даваць такія страшэнна доўгія тэрміны? Такім чынам, трэба дыферэнцыраваць пакаранне ў залежнасці ад грамадскай небяспекі і аб’ёмаў наркатычных рэчываў. Наркакантролю нецікава мяне за ужыванне пакараць штрафам – ім цікава з чалавека зрабіць збытчыка. Ужыванне наркотыка не караецца, але любы нарказалежны чалавек мусіць гэта недзе набываць і захоўваць. А гэта ўжо цягне крымінальную адказнасць.

Як рэагуе МУС на вашу дзейнасць?

“Матчын рух 328” двойчы за апошнія паўгады збіраўся на круглы стол з прадстаўнікамі ўлады, незалежнымі СМІ, праваабаронцамі, дэпутатамі парламента. На першае паседжанне прыйшлі прадстаўнікі МУС, але ім не спадабалася, што казалі маці асуджаных, і яны проста сышлі з сустрэчы. На другі круглы стол былі запрошаны ўсе сілавыя структуры: Генеральная пракуратура, Вярхоўны суд, наркакантроль, ДВП (дэпартамент выканання пакаранняў). Ніхто не прыйшоў. Генеральная пракуратура адказала толькі, што, маўляў, занятыя, астатнія проста праігнаравалі наша запрашэнне. Але трэба аддаць належнае дэпутатам Палаты прадстаўнікоў – яны правялі вельмі сур’ёзную працу. Мы летась, у красавіку, у кожным горадзе звярталіся да мясцовых дэпутатаў і пісалі да сваіх абраннікаў у парламент. І ўся гэтая інфармацыя, колькі незадаволеных па краіне выкарыстаннем артыкула 328, паступіла ў ПП, у камісію па законнасці. Прадстаўнікі “Матчынага руху” прынеслі ім 40 крымінальных спраў, дзе, на нашу думку, быў парушаны закон пры разглядзе справы, і дэпутаты былі змушаны пагадзіцца з нашымі папраўкамі ў закон. Таму на другім круглым стале сёлета ўзімку мы сабраліся, каб дэтальна ўсё абмеркаваць, але сілавікі не прыйшлі. Былі дэпутаты ПП, эксперты, псіхіятары, мытнікі. Прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў таксама пагадзіўся з высновамі камісіі па законнасці, што наспела неабходнасць мяняць заканадаўства па 328 артыкуле, даў распараджэнне Міністэрству адукацыі і аховы здароў’я ўзмацніць прафілактычную працу, а МУСу – выкарыстоўваць умоўна-датэрміновае вызваленне на практыцы, а не на паперы (бо яно хоць і дэклараванае, але нідзе не выкарыстоўваецца), а таксама перагледзець заканадаўства ў бок памякчэння. Мы вельмі спадзяемся, што дэпутаты не адступяцца пад ціскам ніякіх абставінаў і не забудуцца на нас, і камісія па законнасці дапаможа. У гэтым месяцы будзе сесія, і там наша пытанне стаіць у планах на разгляд. Калі заканадаўства будзе зменена ў бок памякчэння, справы нашых блізкіх павінны быць перагледжаны.

А якая рэакцыя грамадства на дзейнасць вашай ініцыятывы?

Можна за апошнія паўтара года адсачыць рэакцыю людзей на артыкулы пра наркотыкі ці пра наш рух і ўбачыць, што яна змяняецца. Раней 90% пісалі, што наркаман – прадавец смерці, а маці наркаманаў павінны на каленях прасіць прабачэння ў людзей, якіх вашы дзеці падсадзілі на наркотыкі. Я прашу такіх на форумах прывесці мне хоць аднаго чалавека, якога мой сын падсадзіў на наркотыкі, прывядзіце мне гэтага чалавека – няшчаснага наркамана, я буду вымольваць у іх прабачэнне. Нашы дзеці – самі ахвяры, спажыўцы, ахвяры свавольства нашых судовых органаў. Такім чынам, каментары раней былі суцэльна абвінаваўчага характару, а зараз іх становіцца ўсё меньш і меньш. Людзі, дзякуючы дзейнасці нашай арганізацыі, разумеюць ужо, што ў турмах сядзяць нарказалежныя, а не наркагандляры.

Як вы ацэньваеце прафілактыку злачынстваў, звязаных у наркотыкамі?

Прафілактыкі як такой у нас няма. Да таго як я асэнсавала, што адбываецца з маім сынам, я не бачыла аніводнага плаката з сацыяльнай рэкламай супраць наркаманіі. Яны заварушыліся пасля таго як мы, “Матчын рух 328”, пачалі праяўляць актыўнасць, звярнуліся да дэпутатаў, пачалі паўсюль пісаць індывідуальна і калектыўна. Міліцыя павінна прадухіляць злачынствы, а не правакаваць іх.

Ці адбываецца ў калоніях выпраўленне асуджаных па гэтым артыкуле?

Усё пачынаецца ў СІЗО – калі гэтыя “першаходы” трапляюць у Гомельскае СІЗО, напрыклад. Год таму гэтыя справы былі вельмі папулярныя, іх было вельмі багата, не паспявалі ні следчыя, ні суддзі. Дзеці ў СІЗО знаходзіліся да года. Яны трапляюць туды, дзе ўтрымліваюцца забойцы, гвалтаўнікі, рабаўнікі. Дзеці праходзяць сваеасаблівае хрышчэнне там: іх прымаюць у зладзейскі, блатны свет, ім распавядаюць, як сябе трэба весці, што трэба рабіць. Я перакананая, што многія хлапцы, якіх пасадзілі на такія доўгія тэрміны, выйдуць рэальна блатнымі, адбываецца поўная крыміналізацыя свядомасці. А потым у калоніях іх групіруюць у адзіныя атрады (у адным месцы бывае звыш 1 тыс. нарказалежных), і калі мой сын чагосьці пра наркотыкі не ведаў, ён абавязкова даведаецца. Калі так багата нарказалежных у адным месцы, у міліцыянтаў будзе заўжды вялікая спакуса на гэтым зарабіць. Іх там не лечаць ад залежнасці – некалькі псіхіятараў на калонію не здольныя вылячыць тысячу чалавек.

Гэта катастрофа: хлапцы трапляюць на такія велізарныя тэрміны, яны вырваны з жыцця, адстаюць ад развіцця свайго пакалення, у іх няма доступу да інфармацыі – як яны потым будуць сацыялізавацца, як яны вернуцца ў гэтае грамадства? Навыкаў стасункаў з супрацьлеглым полам не будзе, навыкаў стасункаў з людзьмі розных прафесій, рознага ўзросту таксама не будзе, веды страцяць – калі выйдуць на волю, што яны будуць тут рабіць? 90% хлопцаў не прызнаюць сваёй віны, перакананы, што асуджаны незаконна, у іх назапашваецца крыўда на дзяржаву – што выйдзе з гэткага “выпраўлення”?

Актывісты жлобінскай суполкі “Матчынага руху 328” дзеляцца сваімі трагічнымі гісторыямі. Ігар Яфіменка распавядае пра свайго сына Уладзіслава, які быў асуджаны жлобінскім судом на 10 гадоў за “збыт наркатычных рэчываў”.


 Ігар Яфіменка

“Мой суд Уладзіслаў Яфіменка быў асуджаны жлобінскім судом па арт. 328 ч.3 “збыт наркатычных рэчываў” з дапамогай двух правакатараў. Першы правакатар тэлефанаваў майму сыну, прасіў прадаць каноплі, якія ён недзе нарваў – сын адмовіўся, натуральна, сказаў, што продажам не займаецца. Гэтыя званкі былі рэгулярныя. Яшчэ адзін знаёмы сына патэлефанаваў і папрасіў прадаць - усё ж такі, маўляў, той яго добра ведае. Мой сын пайшоў прадаваць. Да яго падышоў яшчэ адзін знаёмы майго сына, яны пайшлі разам. Так атрымалася група асобаў. Сын атрымаў 10 гадоў, а ягоны знаёмы, які проста быў побач, – 8 гадоў. Мой сын працаваў на заводзе, ён не меў патрэбы зарабляць на наркотыках. Падчас суду адвакат прасіў раздрукоўку тэлефанаванняў – суд адхіліў хадайніцтва, а гэта б дапамагло высветліць сітуацыю. Следства доўжылася 8 месяцаў, але не было ніякіх сведкаў, на суд прыходзілі нейкія бамжы, неслі нешта няўцямнае, нехта казаў пра белы парашок. Усе справы ў нас падстаўныя, паўсюль фігуруюць правакатары. Гэта выгадна толькі нашаму наркакантролю: тут і прэміі, і званні, і добрая міліцэйская статыстыка. Недзе кажуць пра закладкі нейкія, але ў Жлобіне такога няма – у Жлобіне толькі правакацыя, у кожным выпадку правакацыя. У сына канфіскавалі аўтамабіль, які ў крэдыт купілі, а потым паручальнік за яго грошы выплочваў”.

Уладзіслаў Яфіменка

“У майго сына таксама канфіскацыя, – дадае Ліяна Шуба. – Усё, што яны апісалі, было куплена мною ў крэдыт і растэрміноўку, калі яшчэ сын у школе вучыўся. У судзе мне давялося даказваць, што гэта я купіла мэблю, суседзі прыходзілі, пацвярджалі. У сына майго ёсць чвэрць кватэры і дачы ягонага дзеда і бацькі, і вось зараз гэтая доля, якая была пабудавана яго сваякамі 30 гадоў таму, падлягае канфіскацыі. Такія канфіскацыі неабгрунтаваныя, і ў гэтым таксама ёсць непрадуманасць заканадаўства.

У Ігара паказальная гісторыя, як асуджаюць чалавека па 3-й частцы за злачынства, якое было здзейснена групай асобаў. Прыйшоў абсалютна старонні чалавек, які ніякім бокам ні да канаплі, ні да продажу – проста жахлівы збег абставінаў. Прыйшоў у госці, вызваўся пайсці разам з сынам Ігара, і затрымалі абодвух, а калі ўдвох – гэта ўжо група асобаў. Вось, калі ласка, – зусім не датычны ні да чаго чалавек сядзіць 8 гадоў, і нельга нічога зрабіць цяпер. Бацькі змагаюцца за свайго сына, дайшлі да Вярхоўнага суда, але ён не знайшоў у дзеяннях нашых аператыўнікаў і суддзяў нічога незаконнага”.

У жыхаркі Жлобіна Натальлі Алеманцінавай сын Станіслаў, 23 гады, адбывае пакаранне па артыкуле 328 КК у папраўчай калоніі № 15 у Магілёве.


Натальля Аліманцінава

“Мой суд асуджаны па ч. 3 арт. 328 на 9 гадоў. Лічу, што ён асуджаны незаконна, бо няма прамых доказаў для такога абвінавачання. Ён працаваў на заводзе, добра зарабляў і не меў патрэбы ў дадатковым прыбытку ад гандлю наркотыкамі. У сына ў справе быў, як і ў Ганны і Святланы (прысутныя жанчыны), адзін і той жа правакатар Сцяпан Клешчанка. Аператыўнікі давезлі яго да пад’езда (ні відэа-, ні аудыёапаратуры ён з сабой не меў). Ён зайшоў у пад’езд і праз 15 хвілін выйшаў, яго пасадзілі ў машыну і адвезлі ў РАУС. Ні адбіткаў пальцаў, ні відэафіксацыі збыту не было. Аніякіх прэтэнзій мы б не мелі, калі б пачулі на відэа ці аўдыё, што наш сын прадаваў наркотыкі. У аснову абвінаваўчага выраку леглі словы правакатара Клешчанкі і міліцыянера Дамашэўскага. Гэта быў ужо далёка не першы раз, калі правакатар Клешчанка даваў паказанні ў судзе, суддзі яго ўжо добра ведалі. Наркаман, раней асуджаны ўжо, але яго словам давяраюць, ніхто таксама не сумняецца ў праўдзівасці слоў міліцыянта”.

Станіслаў Аліменцінаў

“Вось такія ўлёткі з’явіліся ў нашым горадзе, – распавядае Святлана Зыль. – Гэта Сцяпан Клешчанка – падстаўны сведка ў Жлобіне, ён працаваў на жлобінскага начальніка наркакантроля Валера Рабцава. Ва ўсіх нашых справах ён быў падстаўным сведкам. Асабіста ў мой дом ён прынёс марыхуану. Улёткі з яго тварам і інфармацыяй: “Увага, небяспечны злачынца!!! Падкідвае наркотыкі законапаслухмяным грамадзянам, здае іх у міліцыю” былі расклеены ў Жлобіне ў кожным мікрараёне. Потым гэты чалавек скончыў жыццё самагубствам. Перад гэтым ён пакінуў перадсмяротную цыдулку, дзе “падзякаваў” начальніку жлобінскага наркакантроля за сваю смерць”.

Валер Рабцаў - начальнік наркакантролю ў г.Жлобіне

Надзея Кірэйкова. Сын Валянцін Пішчалаў ва ўзросце 30 год памёр у папраўчай калоніі ў Глыбокім.

“У калоніі ў мяне памёр сын. Было ўскладненне ад залечанага туберкулёза. Калі ён адчуў сябе кепска, звярнуўся ў медсанчастку, яму паставілі дыягназ ОРВІ, але толькі праз месяц пачалі аказваць яму дапамогу. 4 студзеня гэтага года сын памёр”.

Ліяна Шуба: “Мы цяпер дапамагаем дабіцца справядлівасці, каб людзі, адказныя за неаказанне дапамогі і, па сутнасці, за смерць гэтага чалавека, панеслі пакаранне”. 

Ганна Сынкевіч, сын – Яўген Сынкевіч, 22 гады. Ужо 2 гады адбывае пакаранне па арт. 328.


Ганна Сынкевіч

“Сын быў асуджаны ў 2015 годзе на 10 гадоў. Калі пайшоў у калонію, быў цалкам здаровы. Трапіў ён у ПК №22. Падчас флюараграфіі ў яго знайшлі туберкулёз лёгкіх, пачалі лекаваць, але ніводны лек ад туберкулёза яму не дапамагае, і цяпер яму колюць толькі вітаміны. Мы за яго змагаемся, замовілі лекі з Бельгіі: калі ён пачне іх прымаць, то будзе жыць, калі не – памрэ. У свой час мой сын атрымаў умоўны тэрмін за захоўванне марыхуаны. Ён павінны быў адзначацца ў РАУС два разы ў месяц. Калі не прыходзіў адзначацца, супрацоўнікі наркакантролю яго заводзілі да сябе ў кабінет, усяляк зневажалі, прымушалі працаваць на іх, правацыраваць сваіх сяброў, забіралі ў яго тэлефон, тыцкалі дубінкамі. У сына былі даўгія валасы, з-за гэтага міліцыянты таксама абражалі яго. Пагражалі, што ў выпадку адмовы працаваць на іх яму свеціць тэрмін ад 8 да 10 гадоў. Гэта было ў сакавіку, а ў маі яго затрымалі па правакацыі знаёмага (Сцяпана Клешчанкі) і асудзілі тэрмінам на 10 гадоў. Мой сын не наркагандляр, проста, як усе маладыя, хацеў усё пакаштаваць”.

Яўген Сынкевіч

Валянціна Мельнікава. Сын Дзмітрый Мельнікаў 29 год. Адбывае пакаранне за наркотыкі.

“У майго сына 29 красавіка перасуд – ён папрасіў прыехаць, узяць спатканне, каб развітацца (плача). Ён ВІЧ-інфікаваны і 6 гадоў не вытрымае. Ніякага лекавання тамака няма, ні ў СІЗО, нідзе. Шкада дзяцей, што вось так падкідаюць наркотыкі, здзекуюцца з іх. Я вельмі зараз баюся за ПК -13”.

Ліяна Шуба: “Сярод сваякоў асуджаных ёсць глыбокае перакананне, што гэта папраўчая калонія ў Глыбокім самая страшная. Вось сын Надзеі памёр менавіта там. Туды накіроўваюць хлапцоў, т.зв. рэцыдывістаў, – грубае, казённае слова. Чалавек адзін раз аступіўся, трапіў у поле зроку праваахоўных органаў – няважна, якое злачынства: хуліганства, крадзеж – ён ужо ў іх на прыкмеце. Яго нашмат прасцей асудзіць, чым спартсмена, камсамольца, выдатніка. Чалавек можа быць раней судзімы за тое, што скраў тэлефон ці, як мой сын, стэнд рэкламны пабіў (але шкоду налічылі такую, якая прадугледжвала ўжо крымінальную адказнасць). І вось вялікі адсотак такіх раней судзімых за дробныя правапарушэнні хлапцоў штучна становяцца наркагандлярамі ў нашай краіне. Чалавека правакуюць на здзяйсненне злачынства доўгімі ўгаворамі, або дзейнічаюць нават без правакацый – не грэбуюць падлогам, паклёпам, абгаворам. Гэта бязмежжа, якое ў нас існуе заўжды і паўсюль.

 Вось такі верш нарадзіўся калі думала пра нашых жанчын з руху. У многіх родныя ў Воўчых норах. Вось і пераследуе мяне гэта асацыяцыя: ваўчонак у клетцы, а ваўчыца рве зубамі краты

 

Не будите в матери волчицу!

Ой, не ройте норы для волчат!

Волчий вой вы слышать не хотите?

Не надейтесь, что они смолчат!

Егеря приманку разложили,

Псы готовы молодняк загнать.

А у матерей волчат вы не спросили,

КАК без сыновей существовать…

Красными флажками обложили,

Гоните в леса… зачем? За ЧТО?

И у жён подъярков не спросили,

Каково им ЖДАТЬ и жить на ЧТО.

Эй, охотники, полегче с целью!

Перед вами волки, не шакалы.

Шакальё жирует беспредельно –

Вы ж совсем не тех пересажали!

Волки в клетке, шакальё на воле…

Эй, охотники, у вас ЕСТЬ дети?!

Коль настигнут их шакалы в поле,

За ОШИБКИ ваши КТО ответит?!

Пусть подумает охотник каждый”

 

Аўтар Ларыса Шчыракова

Фота і відэа аўтара

belsat.eu

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры