Маці асуджанага за наркотыкі: Такое адчуванне, што беларуская нацыя знішчаецца

18.04.2017
Таццяна Канеўская
Таццяна Канеўская

У Беларусі каля 30 % усіх асуджаных да пазбаўлення волі – зняволены за наркотыкі, а 328 артыкул сталі ў народзе называць “народным”. Амаль два гады таму тэрміны зняволення за захоўванне ды распаўсюд наркотыкаў павялічыліся амаль удвая. Максімальны тэрмін – 15 гадоў. 10 сакавіка бягучага году сын гамяльчанкі Таццяны Канеўскай Аляксандр атрымаў 8 год за распаўсюд наркотыкаў. Жанчына адразу ўступіла ў суполку “Матчын рух 328” – ініцыятыву, якая дамагаецца перагляду справаў сваіх сваякоў, асуджаных за наркотыкі і памякчэння пакарання.

Таццяна, распавядзіце калі ласка абставіны, пры якіх сын здзейсніў правапарушэнне

Мой сын курыў марыхуану, ён у гэтым прызнацца. Аднойчы ў сына з’явіўся новы сябар. Неўзабаве ён прапанаваў абмыць заробак, набылі піва, потым больш моцныя напоі, і сябар яму прапанаваў закурыць і запытаўся, ці ёсць у сына дзе ўзяць. Сын адказаў станоўча і яны разам пайшлі да прадаўца. Але ў сына грошаў не было, сябар яму пазычыў. Сын падняўся ў кватэру, набыў 3 гр. марыхуаны, яны дайшлі да супынку, іх затрымаў АМАП. Сашу адвезлі ў СІЗО, сябра адпусцілі. Думаю, што сябар быў правакатарам. Суд доўжыўся 9 месяцаў. Мурыжылі, мурыжылі.

Аляксандр Канеўскі

Распавядзіце, як адбываўся суд?

 У справе фігуравала група асобаў. Судзілі 7 чалавек, 4 чалавека – захоўванне наркотыка, адзін – у яго была плантацыя канаплі і яшчэ адзін – прадавец. У таго, які прадаваў, куплялі ўсе чацвёра. Адзін з іх – мой Саша. Той, які садзіў, я таго не ведаю. У клетцы на працэсе сядзела 3 чалавека: той, які садзіў, які прадаваў і Саша. Усе астатніе былі пад падпіскай аб невыяздзе, і самі прыходзілі на суд. Адна з 7-х была дзяўчына, яна ўцякла, невядома дзе зараз, судзілі 3-х па першай частцы – захоўванне, ім далі па 2 гады хіміі ці хатняга арышту, вольнае пасяленне, яны дома, але мусяць прыходзь адзначацца. Той, хто саджаў плантацыю, у яго мяхамі забіралі тую канаплю, яму далі 6 год. Той, хто прадаваў, ён меў ужо 2 гады ўмоўна па гэтаму ж артыкулу, яму далі 10 год, і майму сыну далі 8 год. У мяне багата пытанняў, якія я б хацела запытаць у суддзяў, міліцыянтаў.

Ці быў у вас адвакат і ці была ад яго рэальная карысць?

Адвакату аддала 30 млн, карысці яніякай. Яны нават не хочуць яе слухаць, хаця яна казала слушныя рэчы, але аніякай рэакцыі. Яна казала, што ідэя пайсці купіць была сябра, грошы былі сябра. Яны распісалі гэта так, што сын, нібыта, двойчы падымаўся, купляў, адзін раз для сябе, другі раз для сябра. Адвакат спрабавала давесці, што было сумеснае ўжыванне. Нават у выраку не гучаў матыў, бо ён жа павінны быць “дзеля прыбытку”. У мяне было адчуванне, што суддзя Савецкага раёну Сыцько ўвесь час прыходзіла выпіўшая. Усе 9 месяцаў як у тумане, першы раз з гэтым сутыкнулася, у мяне 4 сыноў, малодшаму 8 год. Сэнсу ў адвакатах я не бачу. Вось аддала 30 млн і ўсё. Узяла крэдыт, адно паседжанне абыходзілася 1.5 млн. Былі паседжанні па 15 хвілінаў, прыйшлі адну паперку пачыталі – 1.5 млн плаці, не прыйшлі сведкі - зноўку плаці.

Якія ўражанні  ў вас ад суду і СІЗО?

Вось тая колькасць, якія зарэ сядзіць у СІЗО, склалася такое ўражанне, што гэта мэтанакіраванае знішчэнне нацыі. Бо, пераважна там сядзяць па гэтаму артыкулу наркатычнаму. Я размаўляю з маткамі і ва ўсіх адна і тая ж праблема. Мама хлапца, якога асудзілі на 10 год пляскае ў далоні, што яму далі 10, а не 15. Можа нашаму ўраду нехта заплаціў? Суддзі бяздушныя, яны наогул не слухаюць. Характарыстыкі не ўлічваюцца, што першы раз не ўлічваецца. Які сын распаўсюднік? Што і каму ён распаўсюджваў? Чаму яны не чуюць, не ведаюць што адбываецца? Можа Лукашэнку вушы затыкаюць, калі пра гэта кажуць. Суддзі ж не аднаго майго Сашу асудзілі, яны практычна знішчылі сям’ю, бо я, мой муж, мае сыны ў шоку ўсе. Вось гэтыя 9 месяцаў следства выбіта з каляіны цэлая сям’я. Ці думае пра гэта Лукашэнка? Ці ён напаследак вырашыў проста беларусаў знішчыць?

Што вы зараз будзеце рабіць? Неяк будзеце змагацца за сына?

Пасля выраку ў галаве вір пытанняў: куды зараз звяртацца, скардзіцца на тое, што суд быў неаб’ектыўны, некваліфікаваны. Вельмі багата было парушэнняў пры разглядзе. Такое адчуванне што сына наўмысна падводзілі да трэцяй часткі 328 артыкула. Спачатку іх затрымалі як спажыўцоў па ч.1, чаму пазней перакваліфікавалі ў ч.3?

10 сакавіка мой сын атрымаў 8 год, на наступны дзень я ўступіла ў суполку “Матчын рух 328”. Там для рэгістрацыі ў мяне папрасілі каб я даслала ліст сына з СІЗО, я даслала, мяне прынялі ў суполку. Сталі мяне там запытваць, распавялі пра сваю дзейнасць. Усё жыццё я сябе лічыла моцнай жанчынай, а зарэ ня ведаю куды бегчы. Навошта знішчаецца беларуская маладая нацыя? Тамака сядзіць працоўная сіла. Я не супынюся адназначна. Я гатова і на крайнія меры: пашыю сабе вялікую сарочку, пайду пад дом ураду, каб мяне пачулі.

Аўтар: Ларыса Шчыракова

Фота аўтара

Гомельская вясна

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры