Васіль Палякоў: Лік грамадства – ўлада 2:0 (+фота)

19.04.2017

У грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палесская адбыўся сход дэмакратычных актывістаў. Асноўнае пытанне для абмяркавання – фармат далейшай працы. Меркаванні наконт мэтазгоднасці правядзення мітынгу з нагоды 1 мая – Дня міжнароднай салідарнасці працоўных, у прысутных дыяметральна разышліся, адбылася гарачая дыскусія, якая пакінула пасля сябе больш пытанняў чым адказаў.

Найбольш цікавыя выказванні ў матэрыяле карэспандэнткі сайта “Гомельская вясна” Ларысы Шчыраковай

“Трэба працаваць не толькі на акцыях, а і паміж акцыямі, - адзначыў актывіст Юрый Уласаў. - Трэба падключаць студэнтаў, працаўнікоў праблемных прадпрыемстваў. Без прыцягнення людзей паміж акцыямі немагчыма перамагчы. Я разумею, што ўлада будзе ўсялякім чынам перашкаджаць яднанню людзей, але калі гэтага не рабіць, мы будзем стаяць на месцы, а стаяць на месцы - гэта дэградацыя. Вось я нядаўна з Менску вярнуўся, у мяне ўсе пыталіся як тут у Гомлі, у нас столькі ж людзей выйшла, Максім Філіповіч класна асвятляў, Гомель лепш Менска. Цяпер людзі запытваюцца што рабіць далей? Выходзіць? Мы гатовыя, але з чым? Патрэбны дакладныя ідэі, дакладна сфармуляваныя і  канкрэтныя. Першая праблема – жорсткая вертыкаль улады, калі няма сэнсу дамаўляцца з мясцовай уладай, якая без каманды зверху нічога не вырашае. Ніхто не заклікае кідацца на амбразуры, але павінна быць сістэмная праца з насельніцтвам. Пакуль мы не абрасцем адзінадумцамі сярод працаўнікоў, пакуль людзі самі не прыйдуць і не скажуць, што яны хочуць не будзе руху наперад.

“Хачу падтрымаць кампанію “Сыходзь”, “Дастаў”, “Пакажы яму чырвоную картку”, - сказаў актывіст АГП Аляксандр Процька.

“Народ не спужаўся насамрэч, падкрэсліў Мікалай Пешко, -  народ ужо даўно не баіцца, але чакае пэўнага выпадку. Калі выйдзем 26 красавіка ці 1 мая, нас выйдзе вельмі мала і, гэта нічога не вырашыць. Я лічу, што выходзіць на дадзены момант не варта, толькі калі дадуць дазвол на масавую акцыю, тады варта выходзіць з пэўнымі патрабаваннямі. Ідэя – змена ўлады”.

 “Надрукаваны лічбы за першы квартал і з цяжкасцю мы па ВУП з цяжкасцю выйшлі на нуль, - паведаміў актывіст АГП, эканаміст Мікалай Новікаў. - Яшчэ ў студзені і лютым быў - 1%. Гэта вось што робіцца ў эканоміцы. Так, улады робяць неймаверныя намаганні, каб выцягнуць хоць крыху краіну. Багата людзей не прыйдзе 1 мая, але тое, што мільёны будуць за ім сачыць, гэта дакладна. Бо гэта дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, ён быў і сто гадоў таму, потым улада яго прыватызавала, у нас ёсць шанц вярнуць яго абратна, і людзі будуць сачыць. Я супраць глупстваў каб выходзіць на 9 мая, бо на гэтае свята ў нас няма нічога, што бы нас з уладай падзяляла. А вось на 1 мая, гэта тое, дзе мы дакладна іншыя, і дзе людзі будуць нам спачуваць, нават калі пабаяцца выйсці разам з намі. Што тычыцца лозунгаў, яны павінны быць сацыяльныя перадусім. Трэба быць разам з людзьмі, не наперадзе, не замест іх, а разам з імі, бо і 19 лютага і 25 сакавіка людзі выйшлі перадусім з эканамічнымі і сацыяльнымі патрабаваннямі. Таму лозунгі такія – праца, салідарнасць, рэформы, сумленныя выбары. Простыя, патрэбныя рэчы, якія ва ўсіх на слыху”.

 “Я прыехала сюды спецыяльна з Берасця, сказала сп. Кацярына. - У нас, на жаль, няма такіх сходаў, няма актыўнасці апазіцыйнай і, я, наогул, здзіўлена, што ў нас нешта ўсё ж такі антыдармаедскае адбылося. Наконт тэматыкі 1 мая, ёсць праблема, што ў нас багата чаго прыбралі з працоўнага стажу: войска, дэкрэт, вышэйшая адукацыя. Гэта можа неяк зачапіць усіх, бо гэта тычыцца амаль усіх. Асабіста я гатова пайсці 1 мая куды заўгодна, не ведаю што будзе ў нас”.

“Абвяшчаем 1 мая – гэта наша свята, афіцыйны, дзяржаўны, - рашуча сказаў актывіст Віктар Рубцоў. - Збор – плошча Паўстання. Хто прыйдзе, той прыйдзе. Прыходзяць смелыя і моцныя духам, нікому не патрэбны гэты дазвол, недазвол. На “Віпры” было дазволена? Але гэта не перашкодзіла міліцыянтам затрымліваць людзей і садзіць іх на суткі, штрафаваць”.

Падтрымаў ідэю выйсці на плошчу Паўстання 1 мая і актывіст Барыс Анікееў: “ Як бы там не было, дазволяць мне, не дазволяць мне мітынг, я выходжу 1 мая ў 12 гадзін на плошчу Паўстання толькі з адным патрабаваннем да Дворніка губернатара, які нахабна абвесціў што да 1 траўня ён усіх загоніць на палі. Засталося два тыдні. Калі нехта да мяне падцягнецца 1 траўня, я буду рады, не буду адзін”.

“Мы сабраліся тут як патэнцыйная каманда,  - адзначыў палітык Уладзімір Кацора. - Як каманда мы ўжо некалькі разоў спрацавалі.  Зараз пытанне – як мы будзем як каманда працаваць. Я верагодна 1 мая таксама выйду на плошчу, але я сёння не гатовы клікаць іншых, бо я бачу, што гэта не спрацуе. Я хацеў бы каб мы выпрацавалі якісьці больш рэальны план, калі ўлада пагодзіцца нас паслухаць, нагадаць ім нашыя патрабаванні 25 сакавіка. Вось што я прапаноўваю - знайсці варыянт і прымусіць уладу яго прыняць. Вось мы ж прымусілі іх прыняць 19 лютага і 25 сакавіка ў тым фармаце, які мы планавалі”.

“Пачну з адзнакі агульнай сітуацыю у РБ, - сказаў намеснік старшыні партыі АГП Васіль Палякоў, - зараз лік грамадства – улада 2:0, бо грамадства здолела абараніць свае правы, адстаяла свае інтарэсы і, па вялікаму рахунку, прымусіла ўладу пахаваць Дэкрэт № 3. Улада паказала сілу, узяла сітуацыю пад кантроль, але гэта не той вынік, які можа задаволіць уладу. Вось зараз яна імкнецца раздаваць пернікі:  пахаладала – уключылі ацяпленне, нейкія абяцанні. Гэта такая драбяза, якой улада імкнецца падкупіць людзей, але гэта кароткачасова. Грамадства адчула сваю сілу і гатова і надалей адстойваць свае інтарэсы і выходзіць на плошчу. Акцыі пратэста ідуць на спад. Мы не можам узняць гэтую хвалю, мы можа толькі скарыстацца хваляй, таму, што тычыцца 1 мая і іншых мерапрыемстваў, будзе абмежаваны фармат і, я перакананы, што няма сэнсу падстаўляць людзей, мы самі па сабе гатовы выйсці, але кошт пытання вялікі. Перад 19 лютага была небяспека прэвентыўных затрыманняў, арыштаў, пераследу, але там гэта таго было варта. Людзі выйшлі, улада спужалася, дала задні ход, і гэта той вынік, які мы атрымалі. Цяпер выводзіць людзей 1 мая, якіх будзе не так багата, каб атрымаць штрафы, арышты, я ў гэтым не бачу сэнса. Што тычыцца перамоваў з уладамі. Калі ідзе вайна адныя салдаты забіваюць іншых, тым не менш кіраўнікі дзяржаў садзяцца за стол перамоваў, бо няма іншых спосабаў каб спыніць вайну”.

Аўтар: Ларыса Шчыракова

Фота аўтара

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры