“Ротарная жатка” перамалывае прапаганду і страх (+фота)

16.05.2017

 “Несур’ёзна пра сур’ёзнае” – так удзельнікі відэапраекта “Ротарная жатка” (РЖ), які стартаваў у Гомлі два месяцы таму, характарызуюць свой прадукт – невялічкія ролікі, якія ў гумарыстычнай форме апавядаюць пра актуальныя праблемы беларускага грамадства. Ужо выдалі 50 ролікаў, адбылося некалькі онлайн-трансляцый. Праект дынамічна развіваецца, набывае вядомасць і прызнанне ў горадзе. Пра новы інтэрнэт-праект мы размаўляем з яго заснавальнікамі Дзмітрыем Сабуравым, Арцёмам Шапаравым і Віктарам Рубцовым.

Карэспандэнт: Сябры, калі каротка, у чым сэнс вашага праекта?

Віктар Рубцоў: Немагчыма сур’ёзна ўспрымаць тое, што кажа афіцыйная прапаганда, тое, што робіцца ў Беларусі. І мы гумарам імкнемся забіваць у людзях страх, каб людзі не гістэрылі з нагоды слоў, выказванняў, указаў, дэкрэтаў, а глядзелі на іх інакш – як на аб’ект кпінаў, сарказму.  Мы іранізуем у сваіх роліках над штампамі прапаганды: “вакол ворагі”, “пятая калона”, – разбураем страх праз гумар.

К: Як узнікла ідэя “РЖ”?

Віктар Рубцоў: Наша “РЖ” выцекла з барацьбы супраць дэкрэта № 3. Яшчэ нядаўна ўсе мы былі дармаедамі, удзельнічалі ў маршах пратэстаў у Гомелі і Менску, сядзелі за гэта на сутках. Мы тады таксама здымалі пра нашае змаганне відэа, змяшчалі на свой канал на Youtube. Здымаць спадабалася, і гэта стала нашым хобі. Але дэкрэт № 3 ужо не актуальны – узнікла пытанне, што рабіць далей. Стала зразумела, што праблемы ж не зніклі ў краіне. І, канечне, вельмі важная праблема – страх. Страх пярэчыць начальніку, страх адстойваць свае правы, страх перад пераследам за сваю грамадскую дзейнасць.

Арцём Шапараў і Віктар Рубцоў

Дмітрый Сабураў: Гэты дэкрэт нас з’яднаў. Мы раней адзін аднаго не ведалі. Цяпер разам мы можам зрабіць нашмат болей чым, рабілі па адным. Калі мы разам збіраемся, утвараецца сіла, у кожнага ёсць свой патэнцыял, свае здольнасці, свае нават таленты. І гэта ўсё вылілася ў “РЖ” (канал "Беларускае поле эксперыментаў") і гэта адбылося стыхійна, за кубачкам гарбаты.

Дзмітрый Сабураў

Арцём Шапараў: Мы хочам паказаць вельмі простую рэч: што беларускае ТБ і афіцыйныя газеты паказваюць і пішуць поўную лухту. Калі людзі не зразумеюць, што іх падманваюць, яны не змогуць нічога зрабіць, каб змяніць сітуацыю ў краіне. Той чалавек, які не выйшаў 19 лютага на Марш недармаедаў, як мінімум глядзеў афіцыйнае тэлебачанне.

Арцём Шапараў

К: Чаму праект мае такі назоў?

Віктар Рубцоў: Ротарная жатка – гэта дэталь такая ад камбайна, якая выкарыстоўвацца падчас жніва. Я пра яе пачуў ад Лукашэнкі, які адноўчы сказаў, што “ротарная жатка – гэта не абмалот”. Мэта канала – асвета людзей, паказаць маразм дзяржаўных СМІ і як нізка падае нашая судовая сістэма.

К: Якія тэмы ў прыярытэце ў “РЖ”?

Віктар Рубцоў: У нас ролік быў пра суды на мінулым тыдні. Мы паказвалі суддзю, якая не выглядае сур’ёзна, альбо міліцыянтаў, якія бегаюць за чалавекам з пустым аркушам паперы. Яны – клоўны.  Мы паказваем, што яны клоўны і з іх трэба смяяцца. У жартаўлівым фармаце мы асвятляем суды над апазіцыянерамі, журналістамі, грамадскімі актывістамі.

Многія ролікі “РЖ” паказваюць, як прапаганда прамывае мазгі, якія бываюць спосабы ўплыву на свядомасць людзей. “Савецкая Беларусь” – гэта, на нашу думку, газета, запоўненая літарамі. Мы б парэкамендавалі ім не псаваць паперу, каб можна было яе выкарыстоўваць па прызначэнні, не пісаць на ёй нічога, каб не друкаваць на ёй нічога, каб яна выходзіла ў чыстым выглядзе – так ад яе будзе больш карысці.

К:  Ці маеце вы водгук на вашыя ролікі і наогул як ацэньваеце эфектыўнасць таго, што вы робіце?

Арцём Шапараў: Спачатку здымалі тэматычныя ролікі па розных праблемах, а для зваротнай сувязі сталі праводзіць онлайн-трансляцыі, каб нашы гледачы нам задавалі пытанні і казалі, якая тэматыка іх цікавіць, што б яны хацелі, каб мы асвятлялі ў выпусках “РЖ”. У сацсетках мы маем суполкі “РЖ”, прыцягваем людзей праз розыгрышы прызоў. Першым разыгралі бчб-сцяг. Гэты ролік набраў багата праглядаў, і багата людзей удзельнічала ў розыгрышы сцяга, хацела яго атрымаць. Мы ўручаем прызы на вуліцы, ніколі ні ад каго не хаваемся.

Дзмітрый Сабураў: Падчас онлайн-трансляцый маем каля 1 тыс. прягладаў за паўтары гадзіны. Гэта для пачатку вельмі добры вынік. Канал “РЖ” расце. Пад відэаролікамі прыблізна па 50-100 каментароў. Людзі ўдзельнічаюць у розыгрышах кубачкаў.

Што вас здзівіла падчас зваротнай сувязі з гледачамі стрымаў, ролікаў?

Арцём Шапараў: Мы не чакалі, што столькі будзе пазітыўных водгукаў, што столькі людзей будзе глядзець нашыя стрымы. Пераважна гэта маладзёны. Мне ўжо два разы зрабілі зніжкі ў таксоўцы за “РЖ” (смяецца).

К: Ці маеце нейкае фінансаванне на свой праект, апроч уласных грошаў?

Арцём Шапараў: Мы звяртаемся да людзей, нашых гледачоў, падпісантаў, каб яны ахвяравалі на нашу дзейнасць грошы ці нешта іншае, неабходнае для здымак. Калі чалавек развітваецца з 1 рублём, ён падтрымлівае той накірунак дзейнасці, у якім мы рухаемся. За два апошнія стрымы мы сабралі 80 рублёў ахвяраванняў. Мы выдаткоўваем іх на паліва, бо мы ж ездзім многа, калі здымаем ролік. Нам нашыя гледачы падарылі 4 вэб-камеры, даслалі па пошце.

К: Колькі вас?

Дзмітрый Сабураў: Ёсць людзі, якя робяць такую тэхнічную працу, як мадэрацыя групы, напрыклад, дапамога з рэквізітам. Нехта для нас піша музыку, робіць каверы.

К: Што для сябе вы лічыце звышзадачай у праекце?

Дзмітрый Сабураў: Як сказаў Міхалок: “У мяне будуць прэтэнзіі да любой улады”. Але тое, што зараз адбываецца, не павінна адбывацца, час краіне прачнуцца ад гэтага кашмару.

Віктар Рубцоў: Мы будзем матываваць людзей на канкрэтныя дзеянні. Столькі ідэй, столькі думак.

Гамяльчанка Алена выйграла кубачак і кветкі ад “Ротарнай жаткі” за перапост роліка “РЖ”. На набярэжнай Сажа ў парку Алена атрымала ад удзельнікаў праекта свой прыз.

“Хлапцы праз іронію, гумар хочуць прыцягнуць увагу да актуальных праблем, як гэта робяць пісьменнікі, напрыклад. Ва ўсім свеце гэта ёсць. Праз гумар адзначаюцца слабыя бакі, заганы грамадства, людзей. Блогерства, на маю думку, дынамічна развіваецца ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, і гэта важны фармат”.

Гутарыла карэспандэнтка сайта “Гомельская вясна” Ларыса Шчыракова

Фота аўтара

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры