«У гомельскім ізалятары нічога не мяняецца — умовы антычалавечыя», — Васіль Палякоў трымаў галадоўку падчас сутак

17.05.2017
Васіль Палякоў адразу пасля вызвалення з ІЧУ
Васіль Палякоў адразу пасля вызвалення з ІЧУ

Пасьля 15-суткавага арышту ў Гомлі на волю выйшаў намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. Увесь гэты час 48-гадовы палітык трымаў галадоўку.

Міліцыянты затрымалі Палякова 1 траўня за бел-чырвона-белы сьцяг, узьняты падчас мітынгу, які быў дазволены гарвыканкамам, склалі пратакол паводле часткі 3 артыкула 23.34 КаАП і адразу адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня УУС Гомельскага аблвыканкаму. 2 траўня, калі зьбіраліся везьці ў суд, загадалі Палякову садзіцца ў жалезную клетку аўтазака. Васіль адмовіўся гэта рабіць, каб не сядзець у невялічкай клетцы з сагнутай галавой. Міліцыянты-ахоўнікі гвалтам запхнулі палітыка ў клетку ды склалі яшчэ адзін пратакол — за непадпарадкаваньне.

— Васіль, як пачуваеце сябе пасьля столькіх дзён галадоўкі?

— Самаадчуваньне выдатнае, і настрой выдатны — столькі людзей мяне прыйшлі сустракаць! Нават белыя і чырвоныя гвазьдзікі ўручылі. Лісты й паштоўкі дасылалі ў ізалятар. Ад ежы я адмовіўся, спажываў толькі сокі. Цяжка было ў 2007 годзе, калі я першы раз трымаў галадоўку сямёра сутак. Цяпер усё ў парадку. Толькі ўчора крыху кружылася галава. Адчуваю, што некалькі кіляграмаў скінуў, але колькі — ня ведаю, бо ў ізалятары няма на чым узважыцца.

— Вы не былі прыхільнікам лякальнага першатравеньскага мітынгу без шырокага ўдзелу гараджанаў. Але на мітынг на пляцоўку каля ДК таварыства глухіх «Віпра» ўсё адно прыйшлі, ды яшчэ з нацыянальным сьцягам. Перагледзелі сваё стаўленьне да падобных масавых мерапрыемстваў?

— Мітынг індывідуальна замовіў прадстаўнік партыі «Зялёныя», удзельнік гомельскай дэмакратычнай кааліцыі — яму гарвыканкам пасьля трынаццацігадовай забароны нечакана даў дазвол на такое мерапрыемства. Таму й прыйшоў, каб падтрымаць чальца па кааліцыі. Я ня меў намеру выступаць. Усярэдзіну загародкі нават ня стаў заходзіць, бо міліцыянты ўчынілі больш пільны агляд, чым у якіх міжнародных аэрапортах — абшуквалі, абмацвалі, прымушалі кішэні выварочваць. Я ня стаў прыніжацца, стаяў побач з турнікетамі. А бел-чырвона-белы сьцяг быў ня мой — яго перадаў Віталь Рымашэўскі, якога міліцыянты не пусьцілі са сьцягам усярэдзіну загародкі. Ну, я падумаў, што нядобра ў дзень салідарнасьці трымаць нашу сьвятыню, бел-чырвона-белы сьцяг, у згорнутым стане. І разгарнуў сьцяг. Да мяне падышоў сталага веку гамяльчук, дапамог прымацаваць сьцяг на дрэўка — і ён залунаў над пляцоўкай.

У рапарце супрацоўнік міліцыі Мятліцкі напісаў, што я «ажыцьцяўляў публічныя заклікі да правядзеньня мітынгу, вулічнага шэсьця з парушэньнем устаноўленага парадку». Такая лёгіка: на мітынгу заклікаў да мітынгу. Такую ж лухту паўтарыла ў пастанове на адміністрацыйны арышт судзьдзя Савецкага раёну Алена Шайн. Што да непадпарадкаваньня, то я сапраўды адмаўляўся садзіцца ў жалезную клетку міліцэйскага спэцаўтамабіля.

Міліцэйскі маёр патрабуе, каб удзельнікі сустрэчы разышліся

Міліцэйскі маёр патрабуе, каб удзельнікі сустрэчы разышліся

 

— Міліцыянты з Савецкага райаддзелу ўжо каторы раз таемна вывозяць палітычных арыштантаў — то ў аддзяленьне міліцыі, то ў сам райаддзел, каб ня даць сваякам, паплечнікам сустрэць іх адразу каля ізалятара. Сёньня, здаецца, ажно тры спэцмашыны задзейнічалі, каб зьбіць з панталыку тых, хто вас сустракаў. Як вы лічыце, навошта такое хітраваньне?

— Гэта ў рэчышчы агульнага стаўленьня дзяржавы да апазыцыйных актывістаў і наагул апанэнтаў улады — каб прынізіць, заблытаць, а дзесьці й запалохаць. Гэта такія дробныя паскудзтвы ўладаў.

У райаддзел мяне прывезьлі з ізалятара, бо першы намесьнік начальніка міліцыі Павал Шведаў захацеў са мной пагутарыць. Папярэджваў, каб я не парушаў заканадаўства. На гэта я яму адказаў, што акурат міліцыянты парушаюць заканадаўства, калі ілжэсьведчаць на судах супраць апазыцыйных актывістаў, калі беспадстаўна затрымліваюць людзей, абвінавачваючы іх у нецэнзурнай лаянцы ды іншых хуліганскіх правапарушэньнях.

— Ці зьмяніліся ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары, дзе вы ўжо не аднойчы пабывалі ў розныя гады?

Я не прыхільнік частых акцыяў — яны могуць, што называецца, расхаладзіць людзей, адбіць ахвоту ўдзельнічаць

— Прынцыпова ў гомельскім ізалятары нічога не мяняецца — умовы антычалавечыя. Бо прыбіральня, сталоўка, спальня — у адной невялікай камэры. Нават чытаць днём немагчыма, хіба толькі стоячы каля вакна, калі сонца трапіць проста ў невялікі ваконны праём. І з гэтым грамадзкай супольнасьці трэба нешта рабіць. Гэта ўсё «радзімкі» сталінска-энкавэдэшнай гулагаўскай сыстэмы.

— Менскія палітыкі заклікаюць грамадзян на плошчу 3 ліпеня,каб праверыць узровень пратэставай актыўнасьці грамадзтва. Ці ёсьць намер у прадстаўнікоў гомельскай дэмакратычнай кааліцыі выявіць пратэставы настрой у мясцовай грамады?

— Пакуль яшчэ не магу сказаць, што гомельская кааліцыя будзе рабіць 3 ліпеня. Мы ня маем дастаткова сілаў, каб узьняць нейкую пратэставую хвалю. Але гэта не азначае, што ня трэба адсочваць палітычныя працэсы, якія ідуць у грамадзтве. Трэба трымаць руку на пульсе грамадзкага жыцьця, дапамагаць людзям адстойваць свае правы. Грамада сёлета адчула сваю моц, дамаглася праз пратэсты фактычнага скасаваньня «дармаедзкага» дэкрэту № 3. Гэтая моц і згуртаванасьць, канечне, будуць усім дадаваць натхненьня. Супольна мы даможамся, каб Беларусь была вольнай і дэмакратычнай краінай. Але я не прыхільнік частых акцыяў — яны могуць, што называецца, расхаладзіць людзей, адбіць ахвоту ўдзельнічаць. Лепей адзін раз, але каб гэта было адчувальна.

— Паўмесяца за кратамі — даволі працяглы тэрмін. Пакуль вы сядзелі за кратамі, нешта адбылося такое на волі, што вас уразіла?

— Сын атрымаў позву ў войска — празь дзень выпраўляецца на службу. Ён скончыў вышэйшую навучальную ўстанову і цяпер павінен аддаць, як кажуць, пачэсны абавязак радзіме. Прыносіў мне сок у ізалятар і расказаў пра позву. На суд яго, дарэчы, як і ўсіх астатніх, не пусьцілі. Хоць фармальна суд 2 траўня ў дачыненьні да мяне лічыўся адкрытым, але праходзіў за замкнёнымі на ключ дзьвярыма.

16 травень 2017, 20:15

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры