Яшчэ чатыры актывісты пакардзіліся ў Камітэт ААН па правах чалавека

18.05.2017
Акцыя пратэсту 19 лютага на плошчы Паўстання ў Гомелі
Акцыя пратэсту 19 лютага на плошчы Паўстання ў Гомелі

Адбыўшыя арышты за акцыю пратэсту на Дзень Волі 25 сакавіка ў Гомелі актывісты Андрэй Толчын, Наталля Шчукіна, Аляксандр Процка і праваабаронца Анатоль Паплаўны сёння накіравалі індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека. На міжнародным узроўні арыштанты заявілі аб парушэнні беларускімі ўладамі іх права на асабістую недатыкальнасць, мірны сход і выказванне меркавання.

Суд Савецкага раёну Гомеля двойчы пакараў Наталлю Шчукіну за яе актыўнасць падчас так званых “недармаедскіх” вясновых акцый. 23 сакавіка суддзя Аляксандр Мохараў палічыў, што жанчына не мала права браць удзел у несанкцыянаваным мірным сходзе ў Рагачове і як вынік прысудзіў пянсіянерцы штраф у памеры яе пенсіі – 230 рублёў. Суддзя Андрэй Лагуновіч судзіў жанчыну за акцыю пратэсту ў Гомелі і як вынік, даў ёй яшчэ больш – 276 рублёў адміністрацынага штрафу.

Усяго Наталля Шчукіна павінна заплаціць 506 рублёў штрафаў. Акрамя таго, пасля затрымання на Дзень Волі ў Гомелі жанчыну змесцілі да суда ў ІЧУ, у выніку чаго яна была без дастатковых на тое абставін пазбаўлена свабоды і асабістай недатыкальнасці цягам 44 гадзін. Касацыйная інстанцыя Гомельскага абласнога суда, дзе актывістка абскардзіла судовыя пастановы, стала на бок суддзяў раённага суда.  

За акцыю пратэсту ў Гомелі 25 сакавіка ў Дзень Волі суддзя суда Савецкага раёну Гомеля Андрэй Лагуновіч пакараў і Аляксандра Процка – трое сутак арышту той правёў у ІЧУ пасля акцыі.

Праваабаронцу Анатоля Паплаўнага за ўдзел у пратэстных вясновых акцыях суддзі каралі двойчы – суддзя суда Цэнтральнага раёну Гомеля Віктар Казачок за акцыю пратэсту, якая адбылася 19 лютага ў Гомелі адмераў яму 10 сутак арышту, а суддзя суда Савецкага райну Віталь Каўбеня дабавіў яму яшчэ 5 сутак арышту за акцыю пратэсту ў Рагачове.

Напярэдадні 25 сакавіка бягучага года Андрэй Толчын праз сваю старонку ў сацыяльнай сетцы Facebook распаўсюдзіў заклік да ўдзелу ў заплянаванай на плошчы Паўстання абласнога цэнтра так званай акцыі пратэсту НЕдармаедаў.

"Пры маніторынгу Інтэрнэт у сацыяльнай сетцы Facebook супрацоўнікі МГБ УУС Гомельскага аблвыканкама ўсталявалі, што карыстальнік "Андрэй Толчын" публічна заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, тым самым парушыў усталяваны парадак яго арганізацыі", - з такой высновай суддзя суда Савецкага раёна Гомеля Аляксандр Мохараў адправіў актывіста на 8 сутак арышту ў ІЧУ.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае актывістам адстойваць правы на міжнародным узроўні адзначае, што пераследваючы грамадзян за выказванне меркавання падчас мірных сходаў краіна сур’езна парушае свае межнародныя абавязкі.

“Любое абмежаванне правоў грамадзян мала прапісаць у законе, як гэта робіцца ў нашай краіне. На дзяржаўных агентах кожны раз ляжыць абавязак даказаць, дзеля дасягнення якой мэты  дзяржава абмяжоўвае тыя ці іншыя правы. У пералічаных выпадках міліцыя і суддзі абмяжавалісь толькі канстатанцыяй нормаў нацыянальнага закону”, -  заявіў праваабаронца.

Такім чынам, у Камітэт ААН па правах чалавека з Гомеля за рэпрэссіі падчас вясновых акцый пратэсту пададзена ўжо 12 індывідуальных скарг. На чарзе яшчэ скарга вядомага блогера Максіма Філіповіча, якому суды прысудзілі 32 сутак адміністрацыйных арыштаў. Учора касацыйная інстанцыя Гомельскага абласнога суда пакінула ў сіле апошнюю пастанову суда аб яго адміністрацыйным арышце.

Гомельская Вясна

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры