Сустрэча з чыноўнікамі пакінула больш пытанняў чым адказаў (+фота)

11.06.2017

У Савецкім раёне Гомля адбылася сустрэча жыхароў вуліц Беларуская, праездаў Чкалаўскі і Пясочны з прадстаўнікамі адміністрацыі Савецкага раёна, УКСа гарвыканкама і галоўным архітэктарам горада. Галоўнае пытанне – знос прыватных дамоў на гэтых вуліцах для шматпавярховай забудовы. Тыдзень таму жыхары вуліц атрымалі паведамленне ад адміністрацыі раёна, што іх зямля вымаецца для дзяржаўных патрэб, а дамы пойдуць пад знос. Навіна літаральна шакавала жыхароў, бо апошнія гады ахвотныя адрамантаваць ці пабудаваць дом на гэтых вуліцах атрымлівалі дазвол ад адміністрацыі.

На сходзе, які адбываўся на рагу прыватнага дома па вуліцы праезд Чкалаўскі, сабраліся каля 100 усхваляваных жыхароў вуліц, якія плануюць знесці. Усе спадзяваліся, што сустрэча з чыноўнікамі паставіць усе кропкі над “і”. Але, на жаль, пашанцавала нешта даведацца толькі тым людзям, якія стаялі вельмі блізка да чыноўнікаў, астатнія проста нічога не чулі і зыходзілі са сходу расчараваныя.

“Сабралі нас як статак оўцаў, - абураецца  Валянціна Юркова, - нічога не чутна, мікрафону не ўзялі, людзям нічога не тлумачаць, патэлефануеш – таксама нічога не кажуць. Павесілі аб’явы, запрасілі, навошта? Я так і не даведалася на сходзе - цотны бок вуліцы Беларускай да Багдана Хмельніцкага, дзе мой дом, -  зносяць ці не зносяць”.

Афіцыйная пазіцыя ўлады, якую агучылі прысутныя на сходзе чыноўнікі – знос прыватнага сектара і пабудова шматкватэрных дамоў адбываецца згодна з генпланам развіцця гораду і нічога дыскутаваць ці мяняць ужо немагчыма.

“Па генплану , адкарэктаванаму ў 2016 годзе і падпісанаму прэзідэнтам, - паведаміў галоўны архітэктар горада Юрый Літвінаў, - вуліцs з прыватным сектарам з’яўляюцца зонай шматкватэрнай жылой забудовы і ў перспектыве падлягаюць выняццю і зносу”.

“Прынялі генплан, і гэта падаецца чыноўнікамі як нейкая апошняя інстанцыя, якую, нібыта, немагчыма і змяніць, - каментуе гісторык, выкладчык універсітэта ім Скарыны Валянцін Міхедзька. - Горад Гомель перажыў за сваю гісторыю ўжо 7 генпланаў з 30-х гадоў. Яны прымаліся, пераглядаліся ў адпаведнасці са зменай сітуацыі, фінансавых магчымасцяў, прыярытэтаў. Генплан – гэта не апошняя ісціна. Калі людзі выказваюцца наконт зменаў генплана, чаму бы да іх не прыслухацца. У нас, прабачце, Канстытуцыя пераглядаецца, ня тое што генплан. Цяпер у нашай сітуацыі, варта думаць пра малапавярховае будаўніцтва, катэджнае будаўніцтва, таўнхаўзы, пра якія мы можам толькі марыць, і пра якія паглядзець у замежных фільмах. Што мы пакінем пасля сябе, аблупленыя гэтыя новабуды, чэзлыя дрэвы? А цікавыя дамы, якія вы будзеце паказваць замежнікам, дзе яны?”.

“У нас наогул у горадзе жыхары прыватнага сектара жывуць як на парахавой дзежцы, - каментуе праваабаронца Алесь Яўсеенка. - Людзі бы парабілі добрыя рамонты сваім дамам, ці пабудавалі бы новыя, жылі бы цывілізавана як ва ўсёй Еўропе: прыгожыя дамы, палісаднікі, кветкі. А ў нас увесь час прыватны сектар пад пагрозай зносу. Людзі не ведаюць - гэта іх уласнасць ці не іх уласнасць. Які сэнс прыватызацыі жытла, калі яго могуць забраць у любы час, які сэнс прыватызацыі зямлі, калі паўстае пытанне аб выняцці ўчасткаў пад будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў? Чыноўнікі хочуць камусьці палепшыць жыллёвыя ўмовы за кошт стварэння праблемаў жыллёвых для іншых грамадзян”.

Сустрэча з чыноўнікамі, на якую так спадзяваліся ўладары прыватных дамоў, пакінула пасля сябе больш пытанняў, чым адказаў.  Нехта скарыўся з лёсам і будзе чакаць развіцця падзей, частка жыхароў плануе ўтварыць ініцыятыўную групу і змагацца супраць зносу.

Аўтар: Ларыса Шчыракова

Гомельская вясна

Фота аўтара

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры