Жыхарка вуліцы Бакуніна: Нельга людзей так падвешваць (+фота)

15.06.2017

Паведамленні ў СМІ наконт зносу некалькіх вуліц прыватнага сектара ў Савецкім раёне (праезды Пясочны і Чкалаўскі, часткі вуліцы Беларуская) усхвалявала і жыхароў іншых вуліц, якія не атрымалі афіцыйнага паведамлення пра выняцце іх зямлі і знос дамоў, але, паводле генплану, таксама знаходзяцца пад пагрозай зносу. Так, чыноўнікі плануюць пашырыць вуліцу Багдана Хмяльніцкага і на 130 метраў ад яе знесці прыватны сектар ад вул. Барыкіна да Палесскай. Агулам 3 кіламетры.

“Я мяркую, што прыватны сектар абавязкова павінны быць у горадзе як на захадзе: ёсць стары горад, ёсць новы горад, - мяркуе жыхар вуліцы Бакуніна Ігар. Прыватны сектар – лёгкія горада. Калі яго знесці, столькі зялёных насаджэнняў жа не будзе. Няхай далей забудоўваюць Валатаву, Шведскую Горку, Хутар, 104 мікрараён. Чыноўнікі кажуць - вы, маўляў, будуйцеся дзеля бога, але калі грошы з’явяцца  - мы вас знясем. Дык нават ужо рэканструкцыю нейкую і тую сто разоў падумаеш ці варта рабіць. Вось я дом патынкаваў, хачу франтоны зашыць, а сын мяне адгаворвае ўвесь час, бо могуць знесці ж. Моладзь не хоча ўкладаць грошы ў будаўніцтва, а я хачу жыць каб было прыгожа”.

“Мы збіраліся будавацца, рамантавацца, прывесці да ладу памяшканне, - усхвалявана кажа Ганна Мініна з вуліцы Бакуніна, 73 -  якое мы атрымалі ў спадчыну ад бацькоў, а цяпер мы ў падвешаным стане: мы выдаткоўваем грошы на будаўніцтва і праз 5 год нас зносяць, ну гэта ж няправільна. Павінна быць поўная яснасць па зносу – так ці не, і калі, бо жывем, далібог, на чамаданах. Нельга людзей так падвешваць. Я ў кватэру ісці не хачу, а браць кампенсацыю каб недзе будавацца, дык я ўжо не ў тым узросце, мне бы адрамантаваць дом. Вось бы нам улады дапамаглі правесці цэнтральную каналізацыю, бо мы ў нашам 21 стагоддзі без каналізацыі. Пра гэта адміністрацыя чамусьці не думае. Некалькі год таму я была ў адміністрацыі Савецкага раёна і запытвалася наконт зносу, яны мяне запэўнілі, што нічога не плануецца, і раптам усё перайгралі, нехта, недзе, план склалі. Мы супраць зносу”.

Ганна Мініна

Віктар Рубцоў 7 гадоў таму атрымаў дазвол на будаўніцтва дома ля хаты, якая засталася ад дзядоў. Уклаў багата грошаў, сваімі ўласнымі рукамі пабудаваў двухпавярховы, вялікі дом, засталіся толькі ўнутраныя работы. Навіна пра планы чыноўнікаў знесці частку вуліцы Бакуніна шакавала гамельчука.

“Проста рукі апускаюцца, - кажа Віктар, - нічога не хочацца далей рабіць. Навошта? Каб гэта ўсё пайшло пад бульдозер. Канешне, у выпадку зносу я атрымаю кампенсацыю грашовую, і што - зноў пачынай наноў будавацца? Так жа і жыццё пройдзе ў бясконцых будоўлях. Калі жыць? І, наогул, наспела неабходнасць мяняць заканадаўства. Праблема ў тым, што ў нас няма прыватнай уласнасці на зямлю. Нейкі чыноўнік, архітэктар можа за мяне вырашыць зносіць мой дом ці не зносіць. Вось зараз усю вуліцу падвесілі, стаіць пытанне – будавацца не будавацца, укладацца ці не ўкладацца. Бо гэта нервы забівае. Было б добра каб усе вуліцы пад знос аб’ядналіся, сфармавалі ініцыятыўную групу, і дамагацца зменаў у генплане мінімальна, ці прыняцца закона аб прыватнай уласнасці на зямлю. Апроч таго, я вельмі сумняюся, што існуе праблема з жыллём у Гомлі. Для каго тут будуць будавацца дамы? Для расіян? У каго ёсць грошы, спакойна можа сабе купіць кватэру, газеты забіты аб’явамі пра продаж кватэр”.

Віктар Рубцоў

Чыноўнікі цвердзяць, што ўсе вольныя пляцоўкі ўжо скончыліся і альтэрнатывы зносу прыватнага сектара няма, але жыхары ўжо адшукалі некалькі прыдатных для будаўніцтва пляцовак, якія можна выкарыстаць для пабудовы шматкватэрных дамоў. У непасрэднай блізасці ад прыватнага сектара, які мяркуюць знесці, стаяць закінутыя будынкі былога заводу “Гандлёвага абсталявання”. Будынкі, абнесеныя плотам,  даўно не эксплуатуюцца  і павольна разбураюцца, тэрыторыя зарастае хмызняком.

Каля крамы “Еураопт” стаіць велічэзны цэх былога заводу “Пластмасавых вырабаў”.

“Гэта ж нават эканомія будзе, - кажа Віктар Рубцоў, -  знясіце дзяржаўную маёмасць, якая ўжо нікому не патрэбна, і не эксплуатуецца і пабудуйце шматпавярховікі, і кампенсацый нікому не трэба выплочваць аніякіх. Але чамусьці чыноўнікам прасцей знесці прыватны сектар”.

Аўтар: Ларыса Шчыракова

Гомельская вясна

Фота аўтара

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры