Жахыр новабудоўлі: Каб задаволіць райвыканкам, старшыня дома павінны маўчаць, не скардзіцца, плаціць ім грошы і рабіць тое, што яму скажуць (+ фота)

11.08.2017
Сустрэча жыхароў дому з Р.Лукашовым
Сустрэча жыхароў дому з Р.Лукашовым

Гомельскі райвыканкам выказаў недавер старшыні таварыства ўласнікаў жылога дому па вуліцы Міра, 16 у пасёлку Урыцкае  Юрыю Кандрашкову і запатрабаваў ад сябраў таварыства тэрмінова склікаць сход і абраць новага старшыню.

 “ Старшыня таварыства ўласнікаў жылога дому не падключыў дом своечасова да адзінай сістэмы разлікаў і не прадставіў копію дыплома ў райвыканкам, таму - ён заслужыў недавер райвыканкаму і яго адхілілі ад займаемай пасады, - патлумачыў намеснік дырэктара “Райжылкамгасу” Руслан Лукашоў на сустрэчы з жыхарамі дома. -  Райвыканкам з гэтым старшынёю мець спраў больш не хоча. У сувязі з тым, што ў вашым кааператыве няма старшыні, вас часова перадаюць пад кіраванне ЖЭУ, да таго моманту, пакуль не будзе абраны новы старшыня. Калі вы не хочаце каб ЖЭУ вамі кіраваў, вам трэба тэрмінова склікаць сход жыльцоў і абраць новага старшыню”.

Руслан Лукашоў

Большасць жыхароў шматкватэрнага дома адхіленым старшынёю Юрыем Кандрашковым цалкам задаволеныя і новага яны абіраць не хочуць. Апроч таго, няма ў жыхароў і жадання пераходзіць пад ЖЭУ. Бальшыня выказваецца за захаванне статусу “таварыства ўласнікаў жылога дому”.

“Мы свае праблемы ў нашым таварыстве ўласнікаў вырашаем самі: тут мы самі косім, агароджы робім, відэакамеры ставім, дрэвы саджаем, пазначаем парковачныя месцы, - кажа Дзмітрый Кандрашкоў. -  Усё што мы можам сваймі сіламі - мы робім. Усё што іх просім – атрымліваем адпіскі, а,  у выніку, нас хочуць закрыць, бо мы для іх нязручныя”.

“Мы самі сабе гаспадары: захацелі паставіць горку, арэлі, атракцыён для сваіх дзяцей – сабралі грошы, паставілі, - кажа жыхарка дома Вера Барсукова. -  Захацелі паставіць агароджу для клумбы і пафарбаваць – зноў такі сабралі грошы, пафарбавалі, паставілі. Мы плацім заробак прыбіральшчыцы, дворніку – таму, мы маем права патрабаваць якасць працы. Калі мы пяройдзем у ЖЭУ, натуральна, што ўжо не будзе з каго патрабаваць, сантэхніка і электрыка мы не дачакаемся ніколі, двор будзе няскошаны. Таму, таварыства ўласнікаў мае багата сваіх плюсаў”.

Вера Барсукова

 “Нам усё роўна ці ёсць адукацыя ў нашага старшыні, бо ён проста вырашае нашы праблемы, - тлумачыць жыхар дому Аляксандр. -  Што карысці, што ў старога старшыні Мядзведзева была вышэйшая адукацыя, але аніякіх праблемаў ён не вырашаў. Каб райвыканкаму спадабацца, старшыні трэба маўчаць, плаціць ім грошы,  рабіць тое, што яны кажуць, нікуды не пісаць і не скардзіцца. Нашто нам тое ЖЭУ, калі ў нас усё чыста і ахайна. Наш старшыня жыве ў гэтым доме, ён зацікаўлены, каб дом быў пафарбаваны, трава была пакошана, смецце было прыбрана, пад’езды былі памыты”.

Юрый Кандрашкоў (злева)

“Райвыканкам адпраўляў яго вучыцца на старшыню таварыства ўласнікаў дому, яны не задавалі яму пытанняў ці ёсць у яго спецыяльная адукацыя, ніякіх пытанняў не ўзнікала, - абураецца Дмітрый Кандрашкоў, -  а цяпер – як ён стаў ім непажаданы, гэтыя пытанні ўзніклі – чаму няма тэхнікума, чаму няма вышкі. Цяпер калі наш старшыня скардзіцца пачаў на недапрацоўкі па дому, ён стаў ім не даспадобы. А, нас - жыхароў, ён цалкам задавальняе”.

Але найбольшы клопат для жыхароў новабудоўлі ўяўляе іншае пытанне. Следствам устаноўлена, што былы старшыня ЖСПК (жыльлёва будаўніча – вытворчы комплекс) Міхаіл Мядзведзеў “прыкішэніў” каля 400 млн недамінаваных рублёў - асабістых сродкаў жыхароў падчас будаўніцтва дома. Праз завышэнне кошту квадратнага метру ды іншыя механізмы, ён падманам змушаў дольшчыкаў уносіць дадатковыя сродкі на будаўніцтва, але большасць асабістых сродкаў, як потым высветліла следства, аселі ў кішэні ў былога старшыні.

“Калі будаваўся дом мы ўнеслі 46 млн сваімі чэкамі і наяўнымі, - кажа Дмітрый Кандрашкоў. - Атрымалася на тыя грошы – 100 млн. Потым апынулася, што пры пераразліку 36 млн нам павінны былі вярнуць, бо патаннеў квадратны метр. Прайшло ўжо паўтары гады і мы не ведаем хто нам верне гэтая грошы і ці верне наогул. Мядзведзеў хоць і пад следствам, але не ў турме. Калі мы перойдзем пад ЖЭУ, яны скажуць што не бралі нашыя грошы, патрабуйце з ЖСПК.

Ужо больш года ідзе следства, робяцца следчыя дзеянні, апытваюцца жыхары. Ужо неаднаразова мяняліся следчыя. Але да суду справа так не дайшла, а былы старшыня кааператыву не ўзяты пад варту. Ніхто з чыноўнікаў не можа патлумачаць падманутым жыхарам, хто і як будзе выплочваць ім узятыя Мядзведзевым грошы. Людзі маюць цяпер апасенні – калі яны страцяць статус таварыства ўласнікаў жылога дому і перайдуць у ЖЭУ, пра вяртанне грошаў гаворкі ўжо не будзе.

 “Ніхто нас больш не абтэлефаноўвае, на допыты, ці ўжо ў суд не запрашае, - наракае Вера Барсукова. -  Атрымліваецца, што чалавек скраў буйную суму грошаў з многіх кватэр, і ён знаходзіцца на свабодзе, чаму так адбываецца? Сумы не маленькія, асабліва для шматдзетнай сям’і. Напрыклад, у маёй сям’і 4 дзяцей.  Я ўносіла чэкамі, маёй асабіста сям’і былы старшыня вінны  79 млн старымі. Чаму няма аніякай управы на гэтага чалавека? Есць меркаванне, што ён усё гэта рабіў не адзін, нехта яму дапамагаў. І вось тыя, хто дапамагаў, хочуць замяць гэтую справу, каб да суду яна не дайшла”.

Жыхары шматкватэрнага дому перакананы, што адхілены старшыня таварыства ўласнікаў дому перастаў задавальняць  райвыканкам, бо пастаянна падымаў пытанне вяртання скрадзеных Міхаілам Мядзведзевым грошаў, дамагаўся выконвання гарантыйных абавязальніцтваў УКСам, бо яшчэ ўзімку бягучага году камісія зафіксавала, што дах зроблены неякасна, з-за гэта ёсць працяканне. УКС паабяцаў  да мая адрамантаваць дах, але дагэтуль так і не пачаў. Выглядае на тое, што замест таго каб вырашаць узнятыя адхіленым старшынёю кааператыву пытанні, чыноўнікі паспяшаліся ад яго пазбавіцца.

Аўтар Ларыса Шчыракова

Фота аўтара

Гомельская вясна

 

Дзмітрый Кандрашкоў



Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры