Былы галоўны заатэхнік: Мяне звольнілі, бо я кіраўніцтву махлярствам займацца замінала

13.09.2017
Ніна Кароль
Ніна Кароль

 Сёння ў судзе Кармянскага раёну адбылося судовае паседжанне па позве былога галоўнага заатэхніка КСУП ім.Валадарскага Ніны Кароль да кіраўніцтва гаспадаркі. Былая працаўніца спрабуе дамагчыся праз суд аднаўлення на працы, бо лічыць, што яе звальненне з фармулёўкай “не давала рады сваім службовым абавязкам” на пачатку жніўня бягучага года было незаконным.

Галоўны заатэхнік была звольнена са сваёй пасады, бо, нібыта, па яе віне скісла некалькі тон малака.

Гэта гісторыя пачалася на пачатку жніўня. На Рагачоўскім малаказаводзе адмовіліся прымаць 8 тон малака з КСУП ім Валадарскага, бо ў ім было забагата вады і солі. Малако вярнулі ў гаспадарку. Ніна Кароль загадала зліць малако ў лядоўні, адна з якіх была няспраўная, што і прывяло да псавання малака. Сп.Ніна віны сваёй не прызнае і лічыць, што за спраўнасць лядоўні яна не мусіць адказваць.

“Справы ў гаспадарцы ідуць вельмі кепска, надоі малака падаюць, - тлумачыць былы галоўны заатэхнік, - таму даводзіцца кіраўніцтву займацца прыпіскамі малака. У малако рэгулярна дадаецца вада і соль, каб схаваць падзенне надояў. Не па маёй віне вярнулі тое малако з заводу, я не ліла ў яго ваду і не сыпала соль. Я сто разоў казала кіраўніцтву, што трэба сеяць неабходныя культуры каб ежа ў кароў была паўнавартасная, а малако тлустае. Вядома, чым пакорміш карову, тое і атрымаеш у выглядзе малака. Нашыя каровы елі абы што, таму надоі былі нізкія. Я пра гэта рэгулярна казала кіраўніцтву. З-за гэтага ад мяне і пазбавіліся, бо патрэбны больш згаворлівыя працаўнікі”.

Падчас суду прадстаўнікі КСУП ім Валадарскага Станіслаў Пашкоўскі і юрыст прадставілі  суду некалькі дакументаў, дзе, як цвердзіць Ніна Кароль, стаялі падробленыя яе подпісы: у службовай інструкцыі і ў загадзе, што яна адказная за нарыхтоўку кармоў. З гэтай нагоды былы галоўны заатэхнік мае намер звярнуцца у суд таксама. У судзе высветлілася, што і кантракт з Нінай Кароль кіраўніцтва гаспадаркі не заключыла.

На наступным паседжанні суд мае намер апытаць загадчыц ферм, бухгалтараў і іншых працаўнікоў КСУП ім.Валадарскага.

“Я трапіла пад прэсінг, - кажа Ніна Кароль, -  не таму, што не выконвала належным чынам свае абавязкі, а таму, што махлярствам займацца замінала кіраўніцтву”.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі працаўніка з гаспадаркі звальняюць за незгаворлівасць. Некалькі месяцаў таму быў звольнены старэйшы лабарант Юрый Карпячкоў.

“Кіраўнік гаспадаркі Станіслаў Пашкоўскі прымушаў мяне займацца прыпіскамі малака, - распавядае сп. Юрый. – Мне загадалі прыпісаць 18 тон малака. Я адмовіўся, кіраўнік прыгразіў звальненнем, калі я гэтага не зраблю. Я адмовіўся прыпісываць. Пасля гэтага пачаліся праверкі. Нават калі я быў на працоўным месцы, мяне проста не было ў кабінеце,  – усё роўна, дакладная, вымова. Праз 10 дзён мяне звольнілі з фармулёўкай “не выкананне сваіх службовых абавязкаў”. Вось такое стаўленне да спецыялістаў – не ідзеш у адну нагу з начальствам, значыць - ты тут не патрэбны”.

Юрый Карпячкоў

Незадаволены справамі ў гаспадарцы і іншыя працаўнікі. Яна наракаюць на нізкія заробкі ды кепскае стаўленне з боку кіраўніцтва. У сярэднім, працаўнікі ў гаспадарцы атрымліваюць 300 рублёў.  Даяркі скардзяцца на пастаянныя перапрацоўкі, адсутнасць выходных, цяжкія ўмовы працы і вінавацяць кіраўніцтва гаспадаркі.

“Мая дачка працуе ў гаспадарцы Атар ў Чачэрскім раёне, недалёка ад нас, - кажа даярка Натальля Уласенка. – У яе заробак 700 рублёў, а ў нас чамусьці даяркі атрымліваюць па 300  рублёў. Што да Ніны Кароль, лічу, што яна давала рады сваім абавязкам. Даяркі пачынаюць працаваць у 4 і яна на ферме ў 4. Заўжды была патрабавальная да людзей, каб добра працавалі. Як яе зволілі, дык на ферме стаў бардак”.

Кіраўнік гаспадаркі Станіслаў Пашкоўскі каментаваць звальненне Ніны Кароль адмовіўся і параіў аўтару звярнуцца па каментар у райвыканкам Кармянскага раёну. Сп.Кароль ён яшчэ месяц таму паабяцаў аддаць працоўную кніжку, але дагэтуль галоўны заатэхнік яе не атрымала.

 

Аўтар: Ларыса  Шчыракова

Гомельская вясна

Выданні

Праваабарончы весьнік

Стратегическая тяжба

Падтрымаем вязьняў!

palitviazni.info

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі

Произвольные превентивные задержания активистов в Беларуси

Повсеместные нарушения трудовых прав и принудительный труд в Беларуси

Партнёры