Стала вядома, за што жлобінскага чыноўніка адправілі на "суткі"
Начальніка (цяпер ужо былога) аддзелу спорту і турызму Жлобінскага райвыканкаму Яўгена Ахрэменку асудзілі да 15 содняў арышту 28 снежня. "Гомельская вясна" распавядае падрабязнасці гэтага судовага працэсу.
Пасля суду мужчыну звольнілі з працы.
Яўгена Ахрэменку арыштавалі за "лайк", які ён паставіў на адной з "Інстаграм"-старонак, прызнаных Міністэрствам унутраных спраў экстрэмісцкімі. Справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ разглядала суддзя суда Жлобінскага раёна Качалава Наталля. Працэс быў адкрытым.
Паводле матэрыялаў суду, Ахрэменка "у сацыяльнай Інтэрнэт-сетцы Instagram на асабістай старонцы адзначыў упадабанай публікацыю ў супольнасці "С." (Free_Zhlobin), уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і прызнанай экстрэмісцкім матэрыялам на падставе рашэння суда, тым самым павялічыў ахоп аўдыторыі для яе прагляду, чым распаўсюдзіў інфармацыйную прадукцыю названай супольнасці". Пост, які лайкнуў Ахрэменка, быў антывіншаваннем жлобінскіх "чэкістаў". У ім аўтары віншавалі з днём прафнепрыдатнасці супрацоўнікаў КДБ.
Сам Ахрэменка падчас судовага працэсу віну прызнаў часткова і патлумачыў, што гэта было зроблена не наўмысна, выпадкова, мэты распаўсюджвання не меў, паколькі перачытваў публікацыі названай супольнасці з мэтай выяўлення і спынення супрацьпраўных дзеянняў з боку падначаленых супрацоўнікаў і спартсменаў. Але на вынік суду пакаянне чыноўніка не паўплывала, роўна як і тое, што Ахрэменка мае трох непаўналетніх дзяцей: 15 содняў арышту з канфіскацыяй мабільнага тэлефона, з дапамогай якога чыноўнік паставіў злашчасны "лайк".
Варта адзначыць, што ў Instagram-акаўнце самога Ахрэменкі кантэнт выключна "ідэалагічна правільны": граматы ад іншых чыноўнікаў, афіцыйныя лукашысцкія мерапрыемствы, спорт. Так што, не выключана, што Ахрэменка сапраўды не хлусіў у судзе, але, як можна ўбачыць – гэта нікога не цікавіць і аналагічныя паводзіны нікога не выратуюць.
А. Грынько




