У Калінкавіцкім раёне пад палітычныя рэпрэсіі трапіў “бездакорны” ляснік

13.01.2025

Масавы палітычны пераслед закранае людзей самых розных сфераў дзейнасці.

11 студзеня ў Калінкавічах адбыўся суд, падчас якога прызначаная Лукашэнкам на пасаду суддзі Святлана Кугейка абвясціла, што жыхар аднае з вёсак Калінкавіцкага раёна Пётр Іовін вінаваты ў распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, і пакарала яго паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Прысуджанае спагнанне зараз высвятляюць праваабаронцы.

Паводле гэтага артыкула людзей пераследуюць, у прыватнасці, за тое, што яны імкнуцца атрымліваць рознабаковую інфармацыю, і падпісаныя на інфармацыйныя рэсурсы, альтэрнатыўныя дзяржаўнай прапагандзе. Але ўлады практычна ўсе такія крыніцы інфармацыі без аніякіх абгрунтаванняў для грамадства паабвяшчалі экстрэмісцкімі матэрыяламі і занеслі ў той свой спіс.

Гэта робіцца з мэтай узмацніць прапагандысцкую апрацоўку насельніцтва, ліквідаваўшы саму магчымасць існавання ў медыя-прасторы плюралізма думак і нейкай альтэрнатыўнай інфармацыі. У прыватнасці, на старонцы Пятра Іовіна ў адной з сацыяльных сетак знайшліся падпіскі на суполкі беларускага тэлеканала з Польшчы “Белсат” і недзяржаўнага рэгіянальнага сайту “Сильные новости”. Нягледзячы на цалкам законную інфармацыйную дзейнасць гэтых медыяў, яны таксама карнымі органамі Беларусі занесеныя ў той самы “рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Скрыншот старонкі ў сацсетцы.

Пётр Іовін больш за 10 гадоў працаваў лесніком у Крукавіцкім лясніцтве Каленкавіцкага лясгасу. Прычым, для кіраўніцтва і лясніцтва, і лясгаса ён, відавочна, быў у ліку найлепшых супрацоўнікаў. Балазе, ў верасні 2023 года ён быў адзначаны нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі “10 гадоў бездакорнай службы ў Дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”.  

Пераследам за падпіскі на любыя крыніцы інфармацыі, нават калі гэтыя падпіскі бачныя іншым наведнікам асабістых старонак, якія могуць наведаць тыя крыніцы (што карнікі трактуюць як распаўсюд), з’яўляецца грубым парушэннем права на свабоду пошуку, атрымання і распаўсюду інфармацыі любымі спосабамі і незалежна ад дзяржаўных межаў, гарантаванага артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Вынясенне абвінаваўчых прысудаў і пакаранняў за такія дзеянні – гэта загадзя неправавыя прысуды, якія з боку людзей, што выконваюць абавязкі суддзяў, ёсць крымінальнымі злачынствамі.

А. Юрэвіч.

Відэа
Навіны партнёраў
Правы чалавека ў свеце
Партнёры
Радыё Свабода БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Наша Ніва