Высокі суд, у мяне пытанне
Суддзя раённага суда
Менска Кірыл Палулех зафіксаваў у пратаколе судовага паседжання выраз “падонак”, як быццам бы кінуты яму жыхаром Гомеля Юры Рубцовым пасля арышту таго на 25 сутак. Па дадзеным факце абражаны
суддзя ініцыяваў крымінальную справу, у зыходзе
якой сумнявацца не
прыходзіцца. Я не пра тое, была ці не было абразы, у мяне пытанне да абражанага гонару суддзі.
Высокі суд, мне абсалютна
зразумела, з якой мэтай існуе крымінальная адказнасць за абразу суддзі пры
адпраўленні ім правасуддзя. Так, так, менавіта ў сувязі з
адпраўленнем правасуддзя, якое, як вядома, патрабуе ад чалавека ў судзейскай
мантыі кіравацца выключна законам і сваім гонарам.
Высокі суд, мне абсалютна не зразумела,
чаму Вы дазволілі сабе судзіць па пояс голага чалавека. Ці азначае гэта, што ёсць такі
асобны суддзя, якому можна ўсё. Ці азначае гэта, што Вам не
пісаныя ніякія правілы, што Вам можна парушаць закон, прычым, абсалютна
беспакарана. У законе выразна запісана,
суддзя абавязаны праяўляць павагу да ўдзельнікаў працэсу, не дапускаць
прыніжэньня чалавечай годнасці. Чаму Ваш гонар суддзі не
падпарадкаваўся
патрабаванню закона, дазволіўшы сабе судзіць голага чалавека, вось на гэтае
пытанне я спрабую знайсці адказ.
Высокі суд, я проста хачу
зразумець правілы нашага існавання. Чаму надзелены судзейскай уладай
чалавек дазволіў сабе пры адпраўленні правасуддзя публічна зняважыць гонар падсуднага суду чалавека, паставіўшы яго тварам да беларускай Феміды ў адных штанах. Закон гэта прама забараняе. Тады можа Ваш гонар гэта дазваляе?
Высокі суд, я не адмаўляю, што выраз “падонак” з'яўляецца абразлівым ў адносінах да любога чалавека.
Але ж не менш абразлівай
выглядае сітуацыя, калі чалавек у мантыі суддзі пачынае судзіць уведзенага ў залу суда па пояс голага чалавека!
Высокі суд, я лічу, што ў Вас няма гонару. У адваротным выпадку ён бы не дазволіў Вам судзіць голага чалавека. Ну а калі няма гонару, што тады абразіў спадар Рубцоў, раз Вы патрабуеце для яго крымінальнай адказнасці?
Высокі суд, вось на гэтае пытанне я спрабую, але не магу знайсці адказ.







