У Добрушы адбываецца суд за паклёп. Пацярпелыя - 8 супрацоўнікаў ваенкамату (+відэа)

24.11.2021

Абвінавачаная 44-гадовая жыхарка Добруша Таццяна Казакова. Перад пачаткам паседжання жанчына распавяла, што 7 мая яна гуляла ля сваёй хаты і ўбачыла намёт чырвонай і белай расфарбоўкі. У ім гулялі супрацоўнікі мясцовага ваенкамату. Жанчына зняла кароценькае відэа, на якім на вялікай адлегласці бачны намёт і некалькі чалавек каля яго. За кадрам чутна як жанчына кажа: «Наш добрушскі ваенкамат сёння адзначае свята». Неўзабаве гэтае відэа з’явілася на канале Youtube.com з подпісам «Бчбшники военкомат добруш». Супрацоўнікі ваенкамату напісалі ў міліцыю заяву з просьбай прыцягнуць аўтара відэа да адказнасці за паклёп.

Перад пачаткам паседжання

 Супраць Таццяны Казаковай следчыя ўзбудзілі крымінальную справу па арт.188 КК РБ (Паклёп). Падчас следства жанчына прызнала сваю віну, раскаялася і папрасіла асабіста прабачэнне ў пацярпелых (агулам 8 чалавек).

«Наш прэзідэнт супраць гэтай сімволікі бчб, – тлумачыць Казакова. – Я ішла, гуляла, убачыла гэты намёт з былымі і чырвонымі палосамі. Ён мне падаўся падобным на бчб сімвал пратэстаў супраць Лукашэнкі. Я за яго заўжды галасую, ніколі не хадзіла на акцыі, пратэсты ні ў Добрушы, ні ў Гомлі. І таму я вырашыла зняць гэтае відэа».

Суддзя Лук’янава па хадайніцтву пракурора зрабіла працэс закрытым. На працэс з васьмі пацярпелых з’явіліся тры чалавека.

Муж Казаковай быў змушаны пакінуць паседжанне. У выпадку жорсткага пакарання для жонкі ён запэўніў, што яна будзе падаваць апеляцыю ў абласны суд, а потым у Вярхоўны, бо яна пераканана, што факта паклёпу не было і артыкул 188 у дадзеным выпадку не павінны ўжывацца.

З гэтым меркаваннем згодны і праваабаронца БАЖ (Беларускай асацыяцыі журналістаў) Алег Агеяў.

«Па законе крымінальная адказнасць за паклёп па арт. 188 Крымінальнага кодэкса магчыма толькі ў выпадку распаўсюджвання заведама ілжывых звестак, якія ганьбяць канкрэтную асобу.

Відэа на ютубе «Бчбшники военкомат добруш» увогуле не ўтрымлівае ўказанняў на нейкіх асобаў.

Выглядае на тое, што гэтая справа яшчэ адзін доказ, што ў Беларусі зараз у чарговы раз «не да законаў».

Алег Агеяў лічыць, што наогул варта дэкрыміналізаваць дыфамацыю, то бок, адмяніць крымінальную адказнасць за словы, за меркаванне, за распаўсюд інфармацыі.

«Не павінен закон цывілізаванай краіны прадугледжваць, што чалавека можна саджаць у турму за меркаванне, якое камусьці не спадабалася». – дадае праваабаронца.

Санкцыя арт.188 КК РБ (Паклёп) прадугледжвае пакаранне: штраф, папраўчыя работы, арышт, абмежаванне і пазбаўленне волі тэрмінам да трох год.

 

Апд. Суддзя Лук'янава прысудзіла Таццяне Казаковай 2 гады ўмоўна без накіраванне ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пацярпелыя па справе не заяўлялі зыску аб кампенсацыя маральнай шкоды.

Аўтар Ганна Кавальчук

Відэа з каналу youtube.com

Гомельская вясна

Свабода сходаў

Відэа
Навіны партнёраў
Правы чалавека ў свеце
Партнёры
Радыё Свабода БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ Народная Воля Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Наша Ніва Белорусский Документационный Центр Гомельский центр стратегической тяжбы